27 лiпеня 2024, Субота, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Як вы са мной размаўляеце? Я ж гаспадыня!»

82
«Як вы са мной размаўляеце? Я ж гаспадыня!»

Мянчанка ўпершыню ў жыцці здала кватэру і нажыла нямала праблемаў.

Вясной 2023 года Марына Іванаўна пераехала з Менска ў родную вёску пад Слуцкам, а сваю сталічную кватэру надумала здаць. Каб усё было паводле закону, жанчына і арандатары заключылі дамову. Аднак праз адзін пункт у дакуменце гаспадыня нажыла нямала праблемаў. Пра тое, што здарылася, на ўмовах ананімнасці яна расказала выданню Slutsk-Gorod.by.

Пасля трагедыі ў сям'і 65-гадовая Марына Іванаўна вымушаная была пераехаць у бацькоўскую хату ў вёску пад Слуцкам. Аплачваць дзве жылплошчы на адну пенсію стала цяжка, і менскую кватэру жанчына надумала здаваць. Жанчына размясціла на адной з інтэрнэт-пляцовак аб'яву, і хутка на яе адказалі патэнцыйныя арандатары.

– Са мной звязаўся мужчына, вельмі ветліва размаўляў. Расказаў, што разам з жонкай і двума дзецьмі прыехаў у Беларусь з сяброўскай нам краіны, шукаюць жыллё. Падкупіла ягоная манера гаворкі: вельмі стрыманы, выхаваны, і я не вагалася з адказам, – расказвае случчанка. – Сама я не магла ехаць у Менск на першую сустрэчу, таму кватэру паказвала мая сваячка. Пазней яна патэлефанавала і сказала, што людзі з выгляду прыстойныя, ім усё спадабалася, гатовыя ўехаць. Я нават узрадавалася, што ўсё адбываецца так хутка.

Марына Іванаўна раней не мела досведу здачы кватэры, раілася са сваімі знаёмымі, як гэта зрабіць. Яны рэкамендавалі аформіць адпаведную дамову. Будучыя жыхары з радасцю пагадзіліся на гэтую ўмову і прызначылі дату сустрэчы.

– У той дзень я прыехала ў Менск у разлікова-даведачны цэнтр, дзе мы падпісвалі дамову. Мае будучыя жыхары паклапаціліся, каб спецыялістка загадзя склала дакумент і нам не давялося доўга чакаць. Памятаю, мне далі яго прачытаць, але напісаны ён быў даволі дробным шрыфтам, тэксту шмат, а рукой у графе пра мэблю было прапісана, што канкрэтна ёсць у маёй кватэры. Вось гэты радок я лёгка прачытала і падпісала дакумент. Сумневаў у той момант не было, я давярала спецыялістцы, калі тая ўдакладніла, што дамова тыпавая, бестэрміновая. У маім разуменні гэта значыла, што я магу ў любы час яе скасаваць. Але ўсё аказалася зусім не так, – расказвае суразмоўца.

Першыя часы праблемаў з пастаяльцамі не ўзнікала. Яны пачаліся крыху пазней, калі жыхары сталі затрымліваць аплату камунальных і здыму кватэры. Марына Іванаўна, далікатны чалавек, ненадакучліва намякала пра гэта праз тэлефон, але абавязанні сямейная пара не спяшалася выконваць.

«Як вы са мной размаўляеце? Я ж гаспадыня!»

У жніўні 2023 года паміж гаспадыняй і пастаяльцамі здарыўся канфлікт, калі жанчына сабралася прыехаць у Менск, каб упэўніцца, ці ўсё ў парадку з кватэрай.

– Ягор (імя мужчыны змененае) мне сказаў праз тэлефон, што ў іх усё добра і няма чаго іх турбаваць. Я спытала, калі ён аддасць грошы, на што быў адказ: «Як захачу». Я абурылася: «Як вы са мной размаўляеце? Я ж гаспадыня!» А ён у адказ: «Ды якая ты тут гаспадыня». Пасля гэтага сувязь перарвалася, і трубку на мой нумар больш Ягор не браў.

Марына Іванаўна не разумела, што адбываецца, і надумала вывучыць сваю дамову. Па дапамогу яна звярнулася да знаёмай, але тая не знайшла ў дакуменце нічога страшнага. Адзінае, што яе збянтэжыла ў тэксце, – згода ўладальніцы кватэры на прапіску пастаяльцаў. Пра гэта пенсіянерка нават не здагадвалася.

– Я была ў здзіўленні і паехала ў Менск. У кватэру мяне, зразумела, не пусцілі, і я звярнулася па дапамогу да ўчастковага: толькі так мы змаглі патрапіць усярэдзіну, – успамінае жанчына. – Перад гэтым супрацоўнік мяне папярэдзіў, што закон на баку кватэранаймальніка і выселіць сям'ю на маю просьбу не магла нават міліцыя. Калі атрымалася ўвайсці ў кватэру, Ягор паводзіў сябе як гаспадар. Я сказала, каб шукалі жыллё, разлічыліся са мной і што я скасоўваю дамову, а ён толькі пасмяяўся мне ў твар.

Выйсці з сітуацыі дапамог супрацоўнік міліцыі: ён пагаварыў з мужчынам і ўзяў распіску, у якой кватарант абавязаўся выселіцца ў тэрмін да 15 верасня. А пасля гэтага Марына Іванаўна паехала ў разлікова-даведачны цэнтр, каб высветліць, што адбываецца і як ёй цяпер быць.

– Спецыялістка вывучыла паперы і сказала: «А што вы хацелі?» Маўляў, дамова бестэрміновая, скасаваць яе і выпісаць жыхароў я сама не маю права, усё гэта адбываецца толькі на жаданне кватарантаў. Але калі я не згодная з гэтым, то маю права аспрэчыць дамову ў судзе. Толькі ўявіце, што я ў той момант адчувала, – успамінае случчанка.

Жанчына не ведала, як ёй паступіць і дзе шукаць праўды, але спадзявалася, што закон усё ж будзе на яе баку:

– Сувязь з Ягорам пасля здарэння спынілася, мой нумар унеслі ў чорны спіс нават у Viber. Але я ўсё яшчэ спадзявалася на прыстойнасць чалавека і чакала аплаты хоць бы за рахункі. Але гэтага не адбывалася. Адзінае, што мяне радавала, сям'я выехала ў тэрмін, указаны ў распісцы, і за гэта я ўдзячная таму міліцыянеру.

Засталося развязаць пытанне са скасаваннем дамовы, і ў лістападзе 2023 года Марына Іванаўна напісала заяву ў суд.

– Мне запатрабавалася сабраць шмат даведак і папераў, выдаткаваць на гэта прыстойныя грошы. Давялося самой шукаць маіх жыхароў і месца, куды яны перасяліліся. Было няпроста, але людзі мне ў гэтым дапамагалі, – адзначае жанчына. – Неўзабаве ў Менску адбылося першае слуханне.

Паводле словаў случчанкі, паседжанняў было тры. Ні на адно з іх адказнік не з'явіўся, на сваю абарону пісаў лісты на электронную пошту суда. У пачатку лютага падчас апошняга паседжання была прынятая пастанова: дамову Марыны Іванаўны з грамадзянінам скасаваць.

Жанчына ўпэўненая, што яе гісторыя можа дапамагчы камусьці ўнікнуць непрыемнасцяў, калі чалавек гэтак сама, як і яна, упершыню сутыкаецца са здачай жылля.

– Адзінае, чаго я не разумею, чаму пажылым людзям спецыялісты не тлумачаць усіх рызыкаў, якія прапісваюць самі ж? – задаецца пытаннем Марына Іванаўна. – Бо праблемаў можна было ўнікнуць, ведай я ўсе падводныя камяні. Я размаўляла з людзьмі і даведалася, што ў апошні час падобных аферыстаў даволі шмат, і яны імкнуцца шукаць такіх самых адзінокіх старых. Я вельмі добры і адкрыты чалавек, вельмі даверлівы, нікога ніколі не падманвала. І як цяпер жыць ранейшым жыццём? А мне так хочацца давяраць людзям.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках