Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс гатова замяніць Джо Байдэна
8- 12.02.2024, 21:07
- 13,404
У выпадку неабходнасці палітык гатова ўступіць у паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША.
Віцэ-прэзідэнтка Злучаных Штатаў Камала Харыс заявіла ў гутарцы з журналістамі амерыканскай газеты The Wall Street Journal (WSJ) у панядзелак, 12 лютага, што гатова выконваць абавязкі прэзідэнта ЗША ў выпадку ўзнікнення такой неабходнасці. “Я гатовая выконваць абавязкі. У гэтым няма ніякіх сумневаў”, - сказала яна, адказваючы на просьбу пракаментаваць асцярогі выбарцаў з нагоды ўзросту дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.
Са слоў Харыс, кожны, хто бачыць яе за працай, разумее яе здольнасць кіраваць, перадае WSJ. Газета піша, што паводле яе крыніц у Дэмакратычнай партыі ЗША, сур'ёзных размоў аб замене Байдэна на іншага кандыдата на будучых прэзідэнцкіх выбарах дэмакраты не вядуць. Акрамя таго, адзначае WSJ, тэрміны падачы дакументаў для ўдзелу ў праймерыз ужо скончыліся.
Калі 81-гадовы Джо Байдэн з якой-небудзь прычыны прыме пастанову зняць сваю кандыдатуру з выбараў, якія маюць адбыцца сёлета, то віцэ-прэзідэнтцы Камале Харыс для замены яго на з'ездзе Дэмакратычнай партыі ў жніўні трэба будзе дамагчыся падтрымкі большасці дэмакратычных дэлегатаў. Калі ж прэзідэнт здыме сваю кандыдатуру ўжо пасля з’езду, ягонага пераемніка на выбарах будзе вызначаць Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі, паведамляе WSJ.
Харыс раскрытыкавала даклад, які называе Байдэна “чалавекам з дрэннай памяццю”.
10 лютага віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс назвала даклад спецпракурора Робэрта Хёра, у якім Джо Байдэн называецца “сталым чалавекам з дрэннай памяццю”, палітычна матываваным. Таго ж меркавання прытрымліваецца прадстаўнік юрысконсульта Белага дома Ян Сэмс. Ён выказаў меркаванне, што сябра Рэспубліканскай партыі Хёр мог знаходзіцца пад ціскам "напружанай палітычнай абстаноўкі".
Джо Байдэна раней падазравалі ў неналежным захоўванні сакрэтных дакументаў. Так, восенню 2022 года ў яго былым кабінеце ў Цэнтры дыпламатыі і глабальнага ўзаемадзеяння ў Вашынгтоне знайшлі блізу 10 сакрэтных дакументаў часоў яго віцэ-прэзідэнцтва за прэзідэнтам Баракам Абамам. Сярод знойдзеных сакрэтных папер былі звесткі выведкі аб Украіне, Іране і Вялікабрытаніі.
Сам прэзідэнт Злучаных Штатаў на абвінавачанні адрэагаваў вельмі рэзка. «Я паджылы чалавек з добрымі намерамі, і я ведаю, што я, чорт вазьмі, раблю. Я прэзідэнт, і я паставіў гэтую краіну на ногі”, - заявіў Байдэн. Ён таксама адхіліў сцвярджэнне, што не памятае год смерці свайго сына: “Як, чорт вазьмі, ён асмеліўся ўзнімаць гэтае пытанне? Калі мяне спыталі пра гэта, я падумаў: не ваша сабачая справа. Кожны Дзень памяці мы праводзім службу ў памяць аб ім, на якой прысутнічаюць сябры, сваякі і людзі, якія яго любілі. Мне не патрэбны ніхто, каб нагадваць, калі ён памёр”.