27 лiпеня 2024, Субота, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея не змагла стварыць першую з часоў СССР базу флоту ў Афрыцы

9
Расея не змагла стварыць першую з часоў СССР базу флоту ў Афрыцы

Улады Судана не змаглі ратыфікаваць пагадненне аб базе ВМФ РФ.

Будаўніцтва базы расейскага флоту ў Судане, якое абмяркоўвалася больш за чатыры гады, адкладаецца на нявызначаны тэрмін. Улады Судана не змаглі ратыфікаваць пагадненне аб базе ВМФ РФ, паведаміў пасол Расеі ў Хартуме Андрэй Чарнавол у інтэрв'ю РІА «Новости».

З яго слоў, гэта адбылося праз «унутрыпалітычны крызіс» у Судане. «У сувязі з роспускам парламента суданскі бок пакуль не змог скончыць неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ратыфікацыі», – сказаў Чарнавол.

Пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ Расеі з колькасцю да 300 вайскоўцаў павінен быў з'явіцца на Чырвоным моры ў Порт-Судане. Сярод іншага меркавалася, што базай змогуць карыстацца атамныя падлодкі. Узамен Расея абавязалася перадаць Судану зброю і вайсковую тэхніку.

Адпаведную дамову краіны ўклалі яшчэ ў 2019 годзе, аднак яе рэалізацыя павісла ў паветры. Прэзідэнт Амар аль-Башыр быў зрынуты ў красавіку 2019 года, і ў выніку Судан застаўся без парламента. Замест гэтага ў краіне быў створаны пераходны Суверэнны савет, адну палову якога складаюць вайскоўцы, а іншую - цывільныя асобы.

У 2021 годзе намеснік кіраўніка МЗС Судана Махамад Шарыф заявіў, што заканадаўчыя органы рэспублікі пакуль не маюць дастатковых паўнамоцтваў для ратыфікацыі пагаднення з Расеяй. Аднак у лютым 2023-га стала вядома, што працэс ссунуўся з мёртвага пункта пасля візіту міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова. Паводле інфармацыі крыніц заходніх СМІ, вайсковае кіраўніцтва Судана ўхваліла пагадненне і з таго часу дакумент чакаў ратыфікацыі з боку грамадзянскіх уладаў.

Але ў красавіку 2023-га ў Судане зноў здарылася спроба дзяржаўнага перавароту. Узброены канфлікт пачаўся паміж вайскоўцамі і Сіламі хуткага рэагавання (Rapid Support Force). Падставай для сутыкненняў стала пытанне інтэграцыі RSF у структуру войска.

Чарнавол адзначыў, што цяпер баявыя дзеянні ў Судане працягваюцца: яны ідуць як у сталічнай агламерацыі, Дарфуры, так і цэнтральных і паўднёвых штатах краіны. І паколькі «канфлікт набыў доўгатэрміновы характар», ратыфікацыя пагаднення аб расейскай базе застаецца пад пытаннем. «У кожным выпадку апошняе слова за нашымі суданскімі сябрамі», — сказаў пасол.

Урэгуляваўшы гэтае пытанне, Расея атрымае магчымасць размясціць у Афрыцы першую базу ВМФ з часоў СССР, казаў раней вайсковы эксперт і галоўны рэдактар часопіса «Арсенал Отечества» Віктар Мурахоўскі. Савецкі Саюз меў марскія базы ў Самалі і Эфіопіі. Першая была ліквідаваная ў 1977 годзе, другая - у 1991-м.

Са слоў Мурахоўскага, размясціўшы базу на Чырвоным моры, Расея атрымае кантроль над маршрутам праз Суэцкі канал, па якім ажыццяўляецца амаль 10% усіх сусветных марскіх перавозак. «Акрамя таго, Расея забяспечыць сабе сталую прысутнасць у Індыйскім акіяне, якая была страчаная ў постсавецкія гады», - адзначаў ён.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках