ВНУ Беларусі прымуць 1000 абітурыентаў з Расеі
18- 13.02.2024, 20:53
- 7,686
Іх будуць размяркоўваць на беларускія прадпрыемствы пасля навучання.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас сустрэчы з чальцамі Рэспубліканскай рады рэктараў, якую правёў 13 лютага прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, расказаў, што ў беларускія ВНУ маюць намер запрашаць абітурыентаў з Расеі, а таксама размяркоўваць пасля навучання, піша БелТА.
Паводле ягоных словаў, цяпер развязваецца задача, звязаная з паступленнем у ВНУ Беларусі абітурыентаў з Расеі. Ён нагадаў, што з 2024 года прадугледжваецца прыём расейцаў паводле вынікаў АДЭ за кошт бюджэту і з далейшым размеркаваннем на беларускія прадпрыемствы.
– Калі мы сёння прымем такіх студэнтаў, яны абавязаныя будуць адпрацаваць, як і нашыя бюджэтнікі, на нашых прадпрыемствах, – удакладніў міністр адукацыі.
Акрамя таго, ён дадаў, што ў беларускія ВНУ збіраюцца прыняць прыкладна тысячу расейскіх абітурыентаў. Гаворачы пра спецыяльнасці, Іванец назваў педагогаў, супрацоўнікаў сельскагаспадарчага профілю, а таксама інжынераў.