27 лiпеня 2024, Субота, 2:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ і Арменія выводзяць партнёрства на новы ўзровень

2
ЕЗ і Арменія выводзяць партнёрства на новы ўзровень

Брусэль і Ерэван гатовыя паглыбляць сувязі.

Арменія і Еўрапейскі Звяз пастанавілі пачаць працу «над новай амбіцыйнай праграмай супрацоўніцтва». Пра гэта паведаміў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль пасля пасяджэння Рады партнёрства ЕЗ-Арменія ў аўторак, 13 лютага, у Брусэлі, паведамляе DW.

«Гэтая пастанова – магутны сігнал узаемнай зацікаўленасці ў новым стратэгічным этапе нашых стасункаў, і яна забяспечыць дакладную дарожную карту і бачанне далейшага шляху, – сказаў дыпламат. – Гаворка ідзе пра будучыню, а будучыня пачынаецца сёння».

Паводле ягоных словаў, у найбліжэйшыя месяцы Брусэль і Ерэван плануюць развіваць дыялог у пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі. «Сённяшнія сустрэчы ясна паказалі, што сувязі паміж ЕЗ і Арменіяй моцныя як ніколі, і што існуе ўзаемная зацікаўленасць у іх далейшым развіцці», – заявіў Барэль.

У 2023 годзе дынаміка паглыблення стасункаў Арменіі з Еўразвязам была «вельмі інтэнсіўнай», адзначыў міністр замежных справаў Арарат Мірзаян, і гэтая тэндэнцыя прадаўжаецца. «Арменія мяркуе, што ўсе неабходныя патрабаванні выкананыя і настаў час пачаць дыялог пра лібералізацыю візавага рэжыму», – заявіў ён.

«Я прыняў да ўвагі вялікую цікавасць Арменіі і заклікаў яе яшчэ больш актыўна праводзіць рэформы для дасягнення прагрэсу ў гэтым пытанні», – сказаў са свайго боку Барэль пра магчымасці пачатку дыялогу аб «бязвізе» для армянаў.

Брусэль таксама настойвае на прадаўжэнні працэсу нармалізацыі стасункаў Арменіі і Азербайджана. Пасяджэнне Рады партнёрства ЕЗ-Арменія прайшло на фоне інцыдэнту са стральбой на мяжы дзвюх краінаў. «Учорашні армянскі абстрэл азербайджанскіх жаўнераў быў сумным. Але сённяшняя рэакцыя Азербайджана здаецца непрапарцыйнай, пасля таго, як ён праігнараваў заяву Мінабароны Арменіі, што інцыдэнт будзе цалкам расследаваны», – указаў Жазэп Барэль. Паводле ягоных словаў, гэта яшчэ раз дэманструе неабходнасць размежавання сілаў, за што Еўразвяз выступае ўжо доўгі час.

Вярхоўны дыпламат ЕЗ паабяцаў, што Брусэль прадоўжыць прапаноўваць падтрымку перамешчаным з Нагорна-Карабахскага рэгіёну армянам. Ён абвясціў пра вылучэнне Еўракамісіяй яшчэ 5,5 млн еўраў у якасці гуманітарнай дапамогі ў дадатак да 12,2 млн еўраў тэрміновай гуманітарнай дапамогі, вылучанай у верасні 2023-га, а таксама да 15 млн бюджэтнай падтрымкі сацыяльна-эканамічных патрэбаў Арменіі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках