УСУ разбілі бронетанкавую калону расейцаў пад Вуглядарам
2- 21.02.2024, 14:04
- 8,586

З'явілася эпічнае відэа.
На Вуглядарскім кірунку фронту каля вёскі Шаўчэнкі ўкраінскія вайскоўцы разбілі наступальную бронегрупу расейскіх сіл.
У 58-й асобнай мотапяхотнай брыгадзе распавялі, што вайскоўцам давялося некалькі дзён адбіваць новы расейскі штурм у Данецкай вобласці.
Расейскае камандаванне адправіла на штурм украінскіх пазіцый марскую пяхоту з танкамі, БМП-3, БМД-4 і бронетранспарцёрамі «МТ-ЛБ».
Украінскім вайскоўцам удалося спыніць і разбіць расейцаў каля вёскі Шаўчэнкі, размешчанай недалёка ад горада Вуглядара.
«Нашы воіны паказалі характар, далі адпор ворагу, годна і сумленна выканалі свой абавязак», - расказалі ў брыгадзе.
Падчас бою ўкраінскія сілы панеслі страты ў байцах, якія адбівалі атаку акупантаў. Украінскія вайскоўцы таксама праводзілі контратакі, падчас якіх страцілі бронемашыну MaxxPro.

«Вечная памяць тым, хто аддаў жыццё ў баі, але не завагаўся і не адступіў. Працягваем абараняць Украіну», - дадалі ў брыгадзе.
Пасля бою ўкраінскія аператары дронаў зафіксавалі знішчаную тэхніку расейскага войска.
На кадрах з беспілотніка відаць, што расейцы страцілі сама меней тры танкі «Т-80БВ», два бронетранспарцёры «МТ-ЛБ» і тры бронемашыны «БМП-3».
Адзін з танкаў «Т-80БВ» меў пуцявы мінны трал «КМТ-6», якім ён павінен быў пракладваць шлях іншай бронетэхніцы праз мінныя палі.
Вайскоўцы расказалі, што ўвогуле ў баі знішчылі 3 танкі, 5 БМП, 5 МТ-ЛБ і роты расейскіх марскіх пяхотнікаў.
