Фігуранта «справы Белгазпрамбанка» вызвалілі з калоніі
- 21.02.2024, 21:03
- 7,770

Паводле гэтай справы асудзілі палітвязня Віктара Бабарыку.
У Віцебскім раённым судзе 9 лютага разглядалі справу «аб замене неадбытай часткі пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі» Дзмітрыю Кузьмічу.
Намесніку старшыні кіравання банка – аднаму з галоўных фігурантаў у «справе Белгазпрамбанка», паводле якой таксама асудзілі палітвязня Віктара Бабарыку, – прызначылі шэсць з паловай гадоў калоніі.
На працэсе ён прызнаў віну, падрабязна даў паказанні падчас следства і суда. Хутчэй за ўсё, паводле вынікаў новага суда яго вызвалілі з калоніі. Справу аб замене пакарання разглядала Наталля Траццякова, піша «Вясна».
Тым часам ужо амаль год невядома, у якім стане знаходзіцца Віктар Бабарыка і што з ім адбываецца ў наваполацкай калоніі №1, дзе ён адбывае 14-гадовы тэрмін. Апошняя інфармацыя пра яго была 25 красавіка 2023 года, калі Віктара Бабарыку даставілі ў гарадскую лякарню Наваполацка. Пасля гэтага палітвязня так і не паказалі грамадскасці.