«Аліварыя» да свайго юбілею вырабіла «піўное шампанскае»
9- 21.02.2024, 21:14
- 5,842

Яно называецца «Аліварыя Святочнае Brut Lager».
Півавары «Аліварыі» да 160-годдзя прадпрыемства абвясцілі пра стварэнне двух новых гатункаў піва, светлага і цёмнага, якія адносяцца да крафтавай катэгорыі. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі.
Адзін з гэтых новых гатункаў – светлае піва, якое паводле вонкавых і смакавых характарыстыках нагадвае шыпучае віно. Яно называецца «Аліварыя Святочнае Brut Lager». Пра яго вытворцы пішуць так:
«Сухасць і лёгкая кіслінка ў смаку, якія характэрныя для бруту, былі дасягнутыя дзякуючы глыбокай ступені зброджвання. Пры вытворчасці выкарыстоўваўся спецыяльны амерыканскі хмель, які дазваляе дамагчыся ў смаку кветкавых нотак з лёгкімі водгаласамі маракуя. А яшчэ гэты гатунак адрозніваецца падвышанай “шыпучасцю” і некласічным піўным колерам. Утрыманне алкаголю – 5,4%».
Цёмнае піва называецца «Аліварыя Юбілейнае Milk Stout»:

«База гэтага гатунку – карамельны і палены солад, дзякуючы якому ў смаку з'яўляюцца ноты пражанага кававага зерня. У піва дадалі натуральны экстракт какосу і малочны цукар, каб дамагчыся густой крэмавай тэкстуры з пышнай пенай. Акрамя таго, малочны цукар робіць стаўт мякчэйшым, ствараючы сметанковы паслясмак. Утрыманне алкаголю – 5,5%».
Абодва гатункі створаныя, як сцвярджаецца, паводле аўтарскіх рэцэптаў. А для таго каб падабраць ідэальнае спалучэнне інгрэдыентаў, вытворцы вывучалі і натхняліся распрацоўкамі Carlsberg Group. Для афармлення новых гатункаў прадпрыемству спатрэбілася ўстаноўка дадатковага абсталявання.
«Аліварыя Каляднае Brut Lager» і «Аліварыя Юбілейнае Milk Stout»: ужо паступілі ў продаж і будуць паступова з'яўляцца ў крамах па ўсёй краіне.