16 красавiка 2024, aўторак, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Новік: Мы, беларусы, побач з украінцамі ў гэтай бядзе

Андрэй Новік: Мы, беларусы, побач з украінцамі ў гэтай бядзе
Андрэй Новік

У гадавіну пачатку вайны ва Украіне ў Варшаве пакажуць спектакль “How are you?”.

У гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну незалежны тэатральны калектыў "BY TEATR" пакажа дакументальны спектакль "How are you?".

Беларускі актор тэатра і кіно Андрэй Новік расказаў сайту Charter97.org пра гэту пастаноўку.

- Андрэй, ваша каманда цяпер называецца «BY TEATR». Гэта ўсё тыя ж людзі, з якімі вы ставілі “Мора Крысціны” ды іншыя спектаклі?

- Каманда засталася практычна тая ж, 90% людзей, але мы сышлі ад заснавальнікаў "Team Theatre". З імі мы цяпер не супрацоўнічаем, а ўсе нашыя асабістыя праекты (а іх 4 з 5) належаць нам. Мы стварылі іншы праект. "BY TEATR" аб'ядноўвае драматургаў, рэжысёраў, актораў, мастакоў і іншых людзей тэатра, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь.

Нашыя праекты ствараюцца ў супрацоўніцтве з польскімі партнёрамі і ў іх прасторах. Такая форма ўзаемадзеяння адпавядае прынцыпу мультыкультуралізму, закладзенаму ў канцэпцыі праекту. Захоўваючы свой твар, беларускую ідэнтычнасць і мову, мы ўступаем у дыялог з культурай краіны, якая нас прыняла. Цяпер мы адкрываем юрыдычную асобу і, спадзяюся, станем паўнавартаснай арганізацыяй, якая будзе стабільна функцыянаваць і працаваць на варшаўскую публіку.

Спектакль «Море Кристины»

- У гадавіну пачатку вайны ва Украіне вы ставіце спектакль “How are you?”. Пра што ён расказвае? Гэтым разам у вас не беларуская тэма, а вайна ва Украіне.

- Пачну з таго, што гэта не прэм'ера, гэты спектакль з'яўляецца маім рэжысёрскім дэбютам. Я яго паставіў у траўні 2022-га года, праз тры месяцы пасля пачатку вайны. "How are you?" - Гэта спектакль-вербацім, дакументальны спектакль, які закранае акурат тэму першых дзён поўнамаштабнага канфлікту, але не толькі ўкраінцаў, а ўсіх, хто пражывае ва Украіне. Мы паспрабавалі прасякнуцца праблемамі людзей, як яны сустрэлі першыя дні вайны, праз што ім давялося прайсці. Мой сябар, драматург Віталь Карабань сам заспеў першыя дні вайны ў Кіеве, яго гісторыя таксама прысутнічае ў гэтым праекце.

Мы стваралі гэты спектакль, мусіць, з разавай акцыяй, каб нейкім чынам падтрымаць людзей, асвятліць гэтую страшную сітуацыю. Але неяк так склалася, што мы з гэтым праектам сталі пастаяннымі ўдзельнікамі, скажам так, творчага жыцця Варшавы. Мы граем "How are you?" у сутарэнні Музея Вольнай Беларусі, які на гэты момант з'яўляецца нашым партнёрам і дае памяшканне абсалютна бясплатна. Таксама нашымі партнёрамі ў гэтым паказе з'яўляецца “Дом Творцаў”, гэта беларуская арганізацыя, якая дапамагае былым палітвязням, звязаным з мастацтвам.

Спектакль ужо быў прадстаўлены на двух фестывалях, усюды сустракаўся вельмі добра, бо закранае вельмі важную і патрэбную тэму. Думаю, сваю ролю таксама іграе прастата, з якой мы яго даносім і паказваем. "How are you?" для нас не проста магчымасць падтрымаць Украіну, наша каманда хацела паказаць, што мы, беларусы, побач у гэтай бядзе. Гэта і стала ідэяй стварэння гэтай пастаноўкі. Таму запрашаем усіх неабыякавых 24 і 25 лютага на нашыя дабрачынныя спектаклі. Будзе прэм'ера новага складу і новай каманды ў гэтым праекце.

Спектакль «Галера»

— Гісторыю ўкраінцаў у гэтым спектаклі расказваюць беларусы. Наколькі, на вашую думку, беларусам удалося перадаць той жах, які перажылі ўкраінцы?

- Год таму, таксама на гадавіну пачатку вайны, мы паказалі гэты спектакль на вялікай сцэне тэатра TR Warszawa. Прыйшла вельмі вялікая колькасць людзей, у большасці сваёй - украінцы, але былі і беларусы, і вельмі шмат палякаў. Пасля паказу было доўгае абмеркаванне, на якім адна са спадарынь па-ўкраінску спытала: "Як атрымалася, што ўтварылася такая тэатральная трупа, дзе аб'ядналіся ўкраінцы і беларусы, дзе вы ўзнімаеце такія важныя тэмы?"

Калі мы сказалі, што мы ўсе з Беларусі, узнікла вельмі моцная і важная для мяне паўза, пасля якой яна сказала: “Тады яшчэ большая падзяка вам ад імя нашага народа за тое, што вы робіце”. Думаю, пасля гэтых слоў можна меркаваць, што праект, які граюць беларусы пра ўкраінцаў, перададзены правільна і трапляе ў цэль.

Спектакль «Замова»

- Грошы ад гэтага канцэрта пойдуць на дабрачыннасць. Раскажыце, каго вы хочаце падтрымаць?

- Так, спектакль з'яўляецца дабрачынным, усе сабраныя сродкі мы перадаём на дапамогу арганізацыі, якая называецца “Цэнтр перасяленцаў горада Херсон”. Я разумею, што мы не збяром нейкую каласальную суму, якая зменіць свет, але тое, што мы можам, мы абавязаны зрабіць. Як гаворыцца, маленькай дапамогі не бывае, таму было прынятая пастанова зрабіць дабрачынныя паказы.

На гэты момант у акторскім складзе гэтага спектакля ёсць два ўкраінцы з шасці актораў, частка нашай каманды на гэты момант так ці інакш звязана з Херсонам. Для кагосьці гэта родны горад, нехта там працаваў, а ў кагосьці там магілы продкаў. Мы ведаем, што гэты фонд сапраўды дапамагае, гэта не фіктыўная арганізацыя. Мы надумалі падтрымаць маленькую арганізацыю, бо такім дапамагаюць найменш.

Спектакль «How are you»

Паказ спектакля "How are you?" адбудзецца ў Варшаве 24 і 25 лютага ў Музеі вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11), пачатак а 19:00. Білеты можна купіць праз спасылку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках