13 красавiка 2024, Субота, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі праз суд хацелі адабраць у беларускі выплачаную дапамогу

2
Чыноўнікі праз суд хацелі адабраць у беларускі выплачаную дапамогу

Сітуацыя павярнулася нечакана для саміх чыноўнікаў.

Беларуска даглядала двух пажылых людзей з інваліднасцю і атрымлівала за гэтую дапамогу. Дзяржструктуры постфактум высветлілі, што ў яе было зарэгістраванае ІП, і паспрабавалі вярнуць выплачаныя грошы. Суд стаў на бок атрымальніцы дапамогі.

У 2023 годзе Управа працы, занятасці і сацыяльнай абароны Кіраўскага раёна звярнулася ў суд, каб спагнаць з мясцовай жыхаркі Вікторыі (імя змененае) амаль 3760 рублёў. Гэтыя грошы ёй выплацілі як дапамогу для догляду двух пажылых людзей з інваліднасцю.

Калі жанчыне прызначалі дапамогу, спецыяльная камісія мясцовага выканкама праверыла, ці няма перашкодаў для такіх выплатаў. Імі магло быць тое, што яна атрымлівае пенсію, страхавыя выплаты, зарэгістраваная як беспрацоўная ці з'яўляецца ІП, а таксама калі займаецца фермерскай гаспадаркай, вынікае з матэрыялаў з суда. Мяркуючы з таго, што грошы пачалі выплачваць, перашкодаў для гэтага не знайшлі.

Як высветлілася пазней, у кіраўчанкі ўсё ж было ІП, але да моманту пачатку атрымання дапамогі яна падала заяву пра закрыццё прадпрымальніцтва і дзейнасці не вяла. Паколькі ў камісіі не ўзнікла пытанняў, яна, «атрымаўшы ад супрацоўніка, які займаўся афармленнем яе дакументаў для атрымання дапамогі ў доглядзе, звесткі, што яна не з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, добрасумленна меркавала, што яна выключаная з АДР (Адзінага дзяржрэгістра. – Заўв. рэд.).

Суд пастанавіў, што ў перыяд атрымання дапамогі кіраўчанка ўсё ж фармальна была ІП, уключаным у АДР. Але фактычна прадпрымальніцкую дзейнасць не вяла, прыбытак ад яе не атрымлівала, а «такім чынам, пры падачы заявы аб прызначэнні дапамогі не хавала факт ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, паколькі такой не займалася».

Меркаванне пазоўніка, што жанчына магла весці дзейнасць неафіцыйна і не плаціць падаткі, суд назваў «галаслоўным», бо ніякіх доказаў таму не было дадзена. Акрамя таго, у судзе мяркуюць, што гэта супрацоўнік аддзела эканомікі райвыканкама недастаткова добра зрабіў сваю працу, раз не выявіў у патрэбны момант таго факта, што Вікторыя на момант падачы заявы яшчэ была ІП (яна была зарэгістраваная на іншае прозвішча).

У выніку суд прыйшоў да высновы, што Вікторыя наўмысна нічога не парушыла, калі запытвала дапамогу, і няма доказаў, каб яна вяла прадпрымальніцкую дзейнасць пасля гэтага. Управе працы і занятасці мясцовага выканкама, якая патрабавала вярнуць выплачаныя ў якасці дапамогі грошы, адмовілі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках