27 лiпеня 2024, Субота, 3:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія перавознікі хочуць заблакаваць адзіны шлях дастаўкі грузаў з Беларусі ў Польшчу

Польскія перавознікі хочуць заблакаваць адзіны шлях дастаўкі грузаў з Беларусі ў Польшчу

Для беларускіх транспартных кампаній гэта можа азначаць страты сотняў мільёнаў еўраў.

Польскія перавознікі і фермеры падалі ў адміністрацыю гміны Тэрэспаль заяўку на правядзенне акцыі пратэсту на аўтадарозе нумар 68 у раёне Карошчына, стала вядома MOST. Гэта фактычна адзіная магістраль, па якой на гэты момант ідуць грузавыя перавозкі паміж Беларуссю і Польшчай. Цягам месяца ўдзельнікі акцыі плануюць прапускаць па ключавой трасе па адным грузавіку за гадзіну. Для беларускіх транспартных кампаній гэта можа азначаць страты сотняў мільёнаў еўраў. Яны ўжо рыхтуюць петыцыю на адрас польскіх уладаў з патрабаваннем не дапусціць блакавання дарогі.

Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічае ўсяго адзін пункт пропуску для грузавога транспарту - «Кукурыкі - Казловічы». Ад яго аўтамабілі ідуць па 68-й трасе. Пратэстоўцы маюць намер перацяць яе перад уездам у аўтамабільны тэрмінал. Такім чынам, пабудаваць маршрут у аб'езд будзе практычна немагчыма, мяркуюць перавознікі: дарогі побач абмежаваныя для праезду аўтатранспарту агульнай вагой звыш 20 тон.

У заяўцы, накіраванай арганізатарамі акцыі ва «ўжонд» (адміністрацыю) Тэрэспаля, указваецца, што яны маюць намер вывесці на дарогу дзесяць седлавых цягачоў і дзесяць адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. Чаканая колькасць удзельнікаў заяўленая вельмі абцякальна - ад дзясяці чалавек да дзвюх тысяч. Пратэст павінен пачацца а 8 раніцы 26 лютага і працягнецца да 31 сакавіка ўключна.

У Польшчы ўзгадненне акцый мае паведамляльны прынцып, але яны не павінны парушаць заканадаўства, у тым ліку забароненае поўнае блакаванне дарог. Гэты момант арганізатары акцыі пастараліся абысці: у заяўцы пазначана, што ўдзельнікі будуць прапускаць грузавікі па раскладзе, з частатой адзін грузавік за гадзіну ў кожны бок. Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на транспарт, які перавозіць жывых жывёл, а таксама на праезд супрацоўнікаў пагранічнай і спецыяльных службаў.

Чаго жадаюць удзельнікі акцыі

Такімі дзеяннямі ініцыятары акцыі спрабуюць дабіцца развязання праблем перавознікаў і фермераў. Па-першае, яны патрабуюць вярнуцца да сістэмы выдачы дазволаў на ўезд у Польшчу для грузавога транспарту з украінскімі і малдаўскімі нумарах.

Па-другое, пратэстоўцы дамагаюцца забароны на рэгістрацыю ў Польшчы транспартных кампаній з украінскім, беларускім і расейскім капіталам. На думку арганізатараў акцыі, гэты бізнэс негатыўна ўплывае на стан польскіх перавознікаў.

Справа ў тым, што пасля забароны на ўезд у ЕЗ для беларускіх і расейскіх перавознікаў многія транспартныя кампаніі з Беларусі пачалі драбніць бізнэс, рэгіструючы даччыныя прадпрыемствы ў Польшчы. Фактычна гэта давала магчымасць аднаму і таму ж перавозніку везці груз на беларускім фургоне да транспартна-лагістычнага цэнтра на польскай мяжы, а ад ТЛЦ і па тэрыторыі Еўропы - ужо на польскім фургоне. Мабыць, таму адной з мэт акцыі заяўлены зварот увагі польскіх уладаў на неэфектыўнасць санкцый, уведзеных у дачыненні да Беларусі і РФ.

Па-трэцяе, пратэстоўцы патрабуюць абмежаваць увоз збожжа і садавінагароднінай прадукцыі з Украіны, а таксама адтэрмінаваць увядзенне захадаў еўрапейскай аграпалітыкі.

«Мы таксама хочам працаваць, і нам таксама есці трэба»

Блакаванне 68-й дарогі будзе згубнай для беларускіх перавознікаў. Прадстаўнікі галіны расказалі MOST, што ўжо рыхтуюць петыцыю ва ўжонд Тэрэспаля з патрабаваннем забяспечыць праезд па трасе ў адпаведнасці з правіламі дарожнага руху.

- Гаворка ідзе не пра мільёны, а пра дзясяткі і сотні мільёнаў еўраў шкоды. Тое, што яны заяўляюць, - гэта як мінімум прыпыненне дзейнасці транспартных кампаній, гандлёвых кампаній, - ацэньвае магчымы ўплыў на галіну прадстаўнік адной з арганізацый-перавознікаў.

Ён кажа, што беларусы не будуць патрабаваць забароны акцыі, але жадаюць гарантаваць магчымасць праезду па трасе.

- Могуць на абочыне [пратэставаць], могуць паласу перацяць. Гэта іх права. Мы на яго ніякім чынам не ўплываем. Але мы таксама жадаем працаваць, і нам таксама есці трэба. Перацінанне транспартных вузлоў - гэта ўжо перабор, - кажа суразмоўца, паказваючы, што рэальная мэта пратэстоўцаў - «выцясненне транспартных кампаній з замежным капіталам».

Пры гэтым крыніца пазітыўна ацэньвае перспектывы паўплываць на ўлады Тэрэспаля, каб праезд па трасе ўсё ж быў забяспечаны. Па-першае, ён спасылаецца на правілы дарожнага руху, якія забараняюць блакаванне. Па-другое, паказвае, што больш за месяц прастою ўдарыць не толькі па беларускіх перавозніках, але і па польскіх мясцовых бюджэтах.

- Гэта закране бюджэты гарадоў Тэрэспаля і Бяла-Падляскі і гарадоў побач, якія знаходзяцца, - мяркуе суразмоўца.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках