У расейскім Ліпецку пасля выбухаў гарыць найбуйнейшы металургічны камбінат
6- 24.02.2024, 9:09
- 20,166
Паведамляецца пра напад беспілотнікаў.
У ноч на 24 лютага на металургічным камбінаце ў расейскім Ліпецку прагрымелі выбухі і ўспыхнуў маштабны пажар.
Пра гэта паведамляюць Mash, Astra і губернатар Ліпецкай вобласці РФ Ігар Артамонаў.
Як паведамляюць сацсеткі, моцны пажар здарыўся на тэрыторыі НЛМК у Ліпецку. Паводле словаў відавочцаў, перад гэтым над горадам прагучала некалькі выбухаў.
Мяркуючы з кадраў, агонь палае проста на тэрыторыі камбіната. Незадоўга да гэтага мясцовыя чулі гукі беспілотнікаў.
Mash дадае, што «Наваліпецкі металургічны камбінат вырабляе сталь з палімерным пакрыццём. У тым ліку для дзяржавы».
Паводле словаў відавочцаў, удар БПЛА прыйшоўся па цэху агламерацыі НЛМК. Гэта можа ўскладніць працу завода мінімум на месяц.
«З відэа бачу, што выбух – дзе цэх агламерацыі і падрыхтоўкі руды», – паведаміў былы супрацоўнік НЛМК.
Паводле інфармацыі «Базы», на НЛМК гарыць адкрыты склад вугалю і ўдар прыйшоўся па коксахімічным цэху, дзе знаходзяцца халадзільныя ўстаноўкі.
Пазней губернатар Ліпецкай вобласці РФ Ігар Артамонаў паведаміў, што «адбылося загаранне ў адным з цэхаў НЛМК. Агонь патушаны, пацярпелых няма. Пагроза выкіду небяспечных рэчываў адсутнічае».
Ён таксама дадаў: «Паводле непацверджанай спецслужбамі інфармацыі прычынай узгарання стала падзенне лётнага апарата. Цяпер гэтую інфармацыю і апублікаваныя ў сацыяльных сетках відэа правяраюць».
Наваліпецкі камбінат вырабляе як мінімум 18% усёй сталі ў Расеі і з'яўляецца ключавым у Групе НЛМК аднаго з найбагацейшых людзей РФ Уладзіміра Лісіна (блізу 80% усёй прадукцыі). НЛМК пастаўляе сталь, сплавы і пракат прадпрыемствам расейскай абаронкі, на якіх вырабляюць балістычныя і крылатыя ракеты. Гэта адно з ключавых прадпрыемстваў стратэгічнай прамысловасці.