27 лiпеня 2024, Субота, 3:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-канцлера Аўстрыі, які сустракаўся з Лукашэнкам, прызналі вінаватым у гучнай справе

6
Экс-канцлера Аўстрыі, які сустракаўся з Лукашэнкам, прызналі вінаватым у гучнай справе

Суд Вены вынес прысуд.

Зямельны суд Вены асудзіў да 8 месяцаў умоўнага зняволення былога канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца, піша DW. Палітык быў прызнаны вінаватым у даванні лжывых паказанняў перад парламенцкім камітэтам, які расследаваў справу аб карупцыі (вядомая як «Ібіца-гейт»).

Абвінаваўчы прысуд тычыцца прызначэнняў у наглядальную раду дзяржаўнага інвестыцыйнага холдынгу ÖBAG. Пры гэтым Себасцьян Курц быў апраўданы паводле абвінавачання ў прызначэнні сваёй даверанай асобы Томаса Шміда ў раду дырэктараў холдынгу.

Вінаватым у даванні лжывых паказанняў перад парламенцкім камітэтам быў прызнаны таксама экс-кіраўнік кабінета Курца Бернхард Банелі. Яму суд прызначыў пакаранне ў выглядзе шасці месяцаў зняволення ўмоўна. Выпрабавальны тэрмін у абодвух выпадках складае тры гады.

Курц віну не прызнаў.

– Гэта вельмі здзівіла мяне. Я таксама не думаю, што гэта справядліва. Я вельмі аптымістычны датычна таго, што мы дакажам сваю рацыю ў наступнай інстанцыі, – цытуе экс-канцлера DW.

Пра намер падаць апеляцыю раней паведамілі адвакаты Курца.

Што за «Ібіца-гейт»?

Скандал, які атрымаў вядомасць як «Ібіца-гейт», адбыўся ў траўні 2019 года і выклікаў у Аўстрыі велізарны рэзананс. Тады быў апублікаваны відэазапіс, зроблены схаванай камерай на віле на гішпанскім востраве Ібіца ў ліпені 2017-га. На ёй знята, як былы віцэ-канцлер Аўстрыі Хайнц-Крысціян Штрахэ напярэдадні парламенцкіх выбараў у краіне абяцае меркаванай «пляменніцы расейскага алігарха» дзяржкантракты ў абмен на падтрымку ягонай перадвыбарнай кампаніі.

Себасцьян Курц займаў пасаду канцлера Аўстрыі з 2017 года. Цягам 2019 года ён два разы – у Менску і Вене – сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Праз скандал, звязаны з «Ібіца-гейт», Курц датэрмінова пайшоў у адстаўку ў 2021 годзе. Цяпер ён працуе на шэраг міжнародных кампаній. Як адзначае DW, у Аўстрыі супраць Курца вядзецца таксама расследаванне паводле справы аб марнаванні дзяржаўных сродкаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках