27 лiпеня 2024, Субота, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хрэнін супраць уяўных ворагаў

9
Хрэнін супраць уяўных ворагаў

Галоўнае не перасекчы межы прасторы свайго ўяўлення.

Ну што, адбіліся? Далі, як кажуць, адпор агрэсару. Абаранілі ўсенародныя рубяжы. Вораг зноў не прайшоў. Вораг, праўда, не збіраўся нікуды праходзіць. Але гэта дробныя дэталі. Збіраўся ён там ці не збіраўся – гэта ягоная асабістая справа. Беларускія генералы ж не вінаватыя, што ён там не збіраўся, праўда? Ён там яшчэ не збіраўся, а беларускія генералы ўжо перамаглі. Таму што няма, вядома, больш прыдатнага дня для перамогі над уяўным ворагам, чым 23 лютага.

Таму ўсе сведкі стабільнасці яшчэ напярэдадні правялі сярод сябе ўсеагульную мабілізацыю ў тэлевізары. І пагадзіся, гэта разумна. Лепш мабілізаваць сябе ў тэлевізары, чым цябе потым мабілізуюць у казарму. У тэлевізары даў NATO па зубах, а польскай ваеншчыне па мордзе і пайшоў далей займацца сваімі справамі. А ў казарме яшчэ невядома як яно ўсё павернецца. А морда, яна, прабачце не казённая.

Хаўруснік вось таксама мабілізаваў сябе ў тэлевізары і адразу пасля ўзяцця Аўдзееўкі пакінуў ад Украіны адну толькі Львоўскую вобласць. Назваў сябе пагрозай усяму чалавецтву і зрабіў NATO поўны Армагедон. Вось калі ты раптам не ў курсе, то Армагедон для NATO ён адразу за вуглом пасля Аўдзееўкі.

І калі б хаўруснік быў такі ж разумны як беларускія сведкі стабільнасці, і ваяваў з віртуальным ворагам выключна ў прасторы свайго ўяўлення, то ён бы ўжо даўно пабудаваў у сябе ў тэлевізары сваю першую Галактычную Імперыю. І можа нават ужо пачаў бы трошачкі будаваць сабе другую.

Але хаўруснік быў не такі прадбачлівы як беларускія генералы і не стаў абмяжоўвацца віртуальнай прасторай. І паглядзі да чаго гэта хаўрусніка давяло? Спачатку яму 23 лютага збілі самалёт за 350 мільёнаў, якому аналагаў няма. Між іншым, аналагаў сапраўды амаль што няма. Бо гэта не першы такі самалёт, які атрымаў пашкоджанні несумяшчальныя з выкананнем баявых задач.

А пасля самалёта хаўрусніку яшчэ пашкодзілі металургічны завод у Ліпецку. І калі я табе гэта пісаў, завод усё яшчэ гарэў. І ўсё гэта ў дзень, які святы для славы хаўрусніцкай зброі.

А калі б быў бы хаўруснік як беларускія генералы, то ніякіх бы такіх непрыемнасцяў з ім не здарылася. Вунь генерал Хрэнін амаль што збіў самалёт NATO і яму нічога за гэта не было, акрамя мільёнаў праглядаў і можа быць вуснай падзякі. А беларускі КДБ два-тры разы на тыдзень ловіць у сябе дыверсантаў. І я ўжо маўчу пра беларускі тэлевізар, які абярнуў у ядзерны попел Варшаву і сталіцы шэрагу еўрапейскіх дзяржаваў.

Таму што ў барацьбе з уяўным ворагам галоўнае што? Галоўнае ў барацьбе з уяўным ворагам – не перасекчы неспадзявана межы прасторы свайго ўяўлення. І нешта мне падаецца, што сведкі стабільнасці ў апошні час неяк занадта захапіліся. Хаўруснік вунь таксама пачаў з уяўных перамог, а потым сам паверыў у сваю неадольную моц. Так што акуратней трэба з уяўнымі перамогамі.

Telegram-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках