У вайсковага камісара ябацькі Крываносава пачаліся праблемы
30- 25.02.2024, 12:39
- 25,678

Кар'ера пад пытаннем.
Вайсковы камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў нагадаў пра сябе: у эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 4» ён прыстрашыў беларускага трэш-стрымера Mellstroy крымінальнай справай.
Сайт UDF распавёў, што адбылося з Крываносавым.
Як Крываносаў на час стаў знакамітасцю сярод «ябацек»
Для пачатку нагадаем, што ў 2020 годзе вайсковы камісар Гомельскай вобласці стаўся адным з нямногіх актыўных «ябацек».

Агульнабеларускую вядомасць ён атрымаў пасля інтэрв'ю на АНТ. На пытанне Марата Маркава «Адкажыце шчыра: вы - ябацька?», Крываносаў з задавальненнем заявіў: «Так, я - ябацька».
Праз некалькі месяцаў, у лютым 2021-га, Лукашэнка асабіста аддзячыў Крываносаву, зрабіўшы яго ўдзельнікам «Усебеларускага народнага сходу», даўшы слова і паціснуўшы руку.

Вайсковы камісар паспрабаваў развіць поспех, запісаўшы відэа аб тым, як па вяртанні ў Гомель ён перадаў «зарад энэргіі» калегам-вайскоўцам. Трэшавы ўчынак на расейскім ТБ высмеяў Іван Ургант.
Але потым Крываносаў нібы знік. Што адбывалася з ім далей?
Крываносаў так і застаўся правінцыйнай «зоркай»
Напад на Украіну два гады таму Крываносаў як праўдзівы «ябацька», вядома ж, не асудзіў. У 2022-2023 гадах ён некалькі разоў з'яўляўся на дзяржТВ з больш-менш заўважнымі заявамі.
Чэрвень 2023 г.: распавёў у эфіры СТВ, навошта патрэбныя войскі тэрытарыяльнай абароны.
Красавік 2023 года: запісаў і выклаў у сетку відэазварот да ўхілістаў, у якім папярэдзіў вайсковаабавязаных аб адказнасці за непрыход па позве і прыстрашыў, што яго супрацоўнікі знойдуць кожнага і «паставяць у строй».

Верасень 2023 года: у эфіры тэлерадыёкампаніі «Гомель» распавёў, што беларускія салдаты цяпер больш часу праводзяць на палігонах. Таксама Крываносаў паўтарыў канспіралагічныя тэорыі аб тым, што падступны Захад не супакоіўся пасля распаду СССР і жадае «раздзяліць» Расейскую Федэрацыю. Акрамя таго, вайсковы камісар пахваліў Лукашэнку.
Летам 2022 года Крываносаў разам з кіраўнікамі Гомельскага аблвыканкама і гарвыканкама быў асвечаны кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Веніямінам.

Але больш за апошнія гады вайсковаму камісару-«ябацьку» пахваліцца няма чым.
Крываносава не пусцілі нават у «дэпутаты» «палаты прадстаўнікоў»
Здавалася б, сваёй адданасцю Лукашэнку і актыўнай ягонай падтрымкай вайсковы камісар заслужыў прасоўванне па ўладнай вертыкалі. Напрыклад, у выглядзе трапляння на цёпленькае і высокааплатнае мястэчка ў «палату прадстаўнікоў».
Але Крываносава сярод кандыдатаў у «дэпутаты» на гэтых «выбарах» няма. Затое ёсць яго калега - вайсковы камісар Віцебскай вобласці Руслан Шкодзін, які атрымаў вядомасць дзякуючы папулярнасці ў TikTok.
Вайсковаму камісару Гомельшчыны павінна быць крыўдна: гэта ж не Шкодзін, а ён цярпеў шматлікія жарты ў свой бок за падтрымку Лукашэнкі ў статусе «ябацькі». Нягледзячы на адданасць рэжыму, кар'ера Крываносава пад пытаннем.