Іўлеева прыехала ў Данецк, каб загладзіць віну за «Мутабор»
18- 25.02.2024, 14:39
- 43,398

Паездка скончылася скандалам на публіцы.
Расейская блогерка Анастасія Іўлеева адправілася на акупаваную частку Данбаса, каб загладзіць віну перад Крамлём за скандальную «амаль голую вечарыну» ў клубе «Мутабор» у Маскве.
Раней расейскія СМІ паведамлялі, што паездка на акупаваныя тэрыторыі Украіны з'яўляецца абавязковай умовай прабачэння і дазволу на далейшую працу ў Расеі.
Тыдзень таму ў Горлаўку адправіўся расейскі спявак Кіркораў выступаць перад акупантамі, да гэтага прыязджаў Дзіма Білан.
Аднак паездка Іўлеевай на Данбас скончылася канфузам, піша dialog.ua.
Расейка наведала канцэрт данецкага рэпера Пахомава і размясціла ў сваім тэлеграм-канале допіс, зафатаграфаваўшы выступ артыста.
«Сіла ў справах. Дзіма, дзякуй за канцэрт», - напісала яна. Аднак сам Пахомаў такой госці не быў рады.
Пра прысутнасць Іўлеевай на канцэрце ён даведаўся амаль адразу, таму раскрытыкаваў яе проста са сцэны. Ён заявіў, што ўспрымае прыезд расейскіх зорак у Данецк як абразу.
«Данбас не пральная машына, здольная дапамагчы абяліць рэпутацыю», – заявіў ён.
Хаця Іўлеева была на канцэрце і словы рэпера чула, яна іх ніяк не пракаментавала.