27 лiпеня 2024, Субота, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Піва пасля віна ці віно пасля піва: навукоўцы далі правільны адказ

16
Піва пасля віна ці віно пасля піва: навукоўцы далі правільны адказ

Як змяненне градуса ўплывае на пахмелле?

Навукоўцы надумалі даведацца, ці ўплывае «падвышэнне» градуса пасля піва на самаадчуванне на наступны дзень. Даследнікі разглядалі некалькі папулярных фраз, якія «рэкламавалі» спосабы выпіць без пахмелля, накшталт «выпі піва перад віном - і назаўтра будзеш адчуваць сябе лепш». Вось да якіх высноў яны прыйшлі, піша The New York Times.

Піва перад віном ці наадварот?

Ці ёсць доля праўды ў такіх сцвярджэннях, вывучалі толькі нямногія, бо такія даследаванні дарагія, складаныя і забіраюць шмат часу, кажа Кай О. Хенсель - доктар і даследчык універсітэцкай лякарні Хеліёс у Нямеччыне. Пад яго кіраўніцтвам такім вывучэннем старанна займалася каманда яго калег, вынікі назіранняў былі апублікаваныя ў 2019 годзе.

Тады навукоўцы набралі 90 студэнтаў ва ўзросце ад 19 да 40 гадоў і падзялілі на тры групы. У першы дзень першая група спачатку піла піва, пакуль узровень алкаголю ў крыві не дайшоў да 0,05%, а пасля пераходзіла на белае віно да таго, як канцэнтрацыя алкаголю павысілася да 0,11%.

Другая група рабіла гэтак жа, але ў зваротным парадку - гэта значыць, спачатку віно, а потым піва. Трэцяй жа трэба было абраць: ці віно, ці піва.

Навукоўцы тым часам пыталі ўдзельнікаў аб самаадчуванні і ступені ап'янення, давалі ім ежу і ваду. На раніцу (начаваць даводзілася ў даследчым цэнтры) людзі ацэньвалі інтэнсіўнасць пахмелля па ступені стомленасці, смагі, галавакружэння ці млоснасці.

Праз тыдзень даследнікі паўтарылі ўвесь працэс, але памянялі парадак ужывання алкаголю паміж групамі. Гэта значыць, першая стала спачатку піць віно, а потым піва, другая - наадварот. У трэцяй тыя ўдзельнікі таксама памянялі тып напою.

Калі спецыялісты параўналі паказчыкі пахмелля ўдзельнікаў розных груп у розныя дні, выявілася, што парадак ужывання не заўсёды ўплывае на сімптомы. Са слоў доктара Хенселя, няма аптымальнай паслядоўнасці, якая падыходзіла б для ўсіх. Цяжар сімптомаў у людзей залежаў ад здольнасці іх арганізма перапрацоўваць алкаголь агулам. Паводле яго слоў, гэта «развенчвае векавыя міфы».

Што насамрэч знізіць імавернасць пахмелля?

Самы просты спосаб звесці да мінімуму імавернасць пахмелля - піць менш, кажа Эмерт Робертс, старэйшы клінічны выкладчык псіхіятрыі нарказалежнасці ў Каралеўскім каледжы Лондана.

Са слоў Робертс, некаторыя алкагольныя напоі з большай імавернасцю, чым іншыя, выклічуць недамаганне раніцай. Больш цёмныя напоі - віскі і брэндзі - выклікаюць больш моцнае пахмелле, чым больш светлыя - гарэлка і джын. Чырвонае віно таксама на наступны дзень выклікае галаўны боль, хаця прычыны гэтага да канца не зразумелыя даследчыкам.

У спіртных напоях, як правіла, канцэнтрацыя алкаголю вышэйшая, чым у піве ці віне, таму, калі вы п'яце эквівалентную колькасць спіртнога, хутчэй за ўсё, пагоршыце сваё самаадчуванне, кажа доктар.

Існуе не так шмат правераных спосабаў прадухіліць пахмелле. Са слоў доктара Сары Эндрус, дацэнта кафедры псіхіятрыі і паводніцкіх навук медыцынскага факультэта Джонса Хопкінса, можа дапамагчы падтрыманне гідратацыі. Чаргаванне алкаголю з вадой можа запаволіць хуткасць ужывання напою, што патэнцыйна дапаможа вам агулам піць менш. Таксама лепш спачатку паесці, бо алкаголь нашча можа прывесці да яшчэ большага ап'янення.

Але калі ваш адзіны спосаб прадухіліць пахмелле - прытрымлівацца інструкцый прымавак, гэта не спрацуе, кажа доктар Эндрус.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках