Буданаў: Цывільным лепш цяпер не карыстацца Крымскім мостам
9- 25.02.2024, 15:39
- 28,240

Спецназ ГУР ужо ў Крыме, будуць «сюрпрызы».
Начальнік Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны, генерал-лейтэнант Кірыл Буданаў анансаваў новыя сюрпрызы для расейскіх акупантаў у Крыме і рэкамендаваў цывільнаму насельніцтву не карыстацца так званым Крымскім мостам.
Аб гэтым заявіў у Telegram.
«Вайна Расеі супраць Украіны пачалася далёка не два гады таму, а дзесяць - з акупацыі ўкраінскага Крыма. Аднак ні ўкраінская дзяржава, ні ўкраінцы не пагадзіліся прызнаць права агрэсара на крымскую зямлю», - заявіў ён.
Буданаў адзначыў, што супраціўленне мясцовага ўкраінскага насельніцтва супраць акупантаў не сціхала ні на хвіліну, нягледзячы на рэпрэсіі.
«Для паспяховай абароны і контрнаступлення мы павінны кантраляваць акваторыю Чорнага мора і прысутнічаць на паўвостраве Крым. Пастаўленыя задачы выкананыя», - адзначыў начальнік ГУР.
Ён падкрэсліў, што Расея страціла чвэрць сваіх караблёў і вымушаная была выводзіць свой флот на ўзбярэжжа Каўказа, перадыслакаваць авіяцыю, бо аэрадромы і вайсковыя аб'екты Крыма стала знаходзяцца пад нашым агнявым уздзеяннем.
«Нашымі поспехамі мы надзвычай абавязаныя жыхарам украінскага Крыма, якія не толькі ўзмацнілі супраціў акупантам, але і знаходзяць магчымасць адсочваць усю аператыўную абстаноўку на паўвостраве і як мага хутчэй перадаваць гэтую інфармацыю нам. Мы абяцалі, што ў 2023 годзе ўкраінскія спецназаўцы будуць у Крыме, і мы гэтае абяцанне выканалі. Ворагаў чакаюць новыя сюрпрызы, і я б не рэкамендаваў цывільнаму насельніцтву карыстацца так званым «Крымскім» мостам», - адзначыў Буданаў.