Зяленскі ўпершыню агучыў страты Украіны на вайне
10- 25.02.2024, 19:04
- 18,616

Страты УСУ значна меншыя за страты РФ.
На вайне Украіны супраць Расеі загінулі 31 тысяч украінскіх вайскоўцаў.
Аб гэтым заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на яго прэс-канферэнцыі.
“Я не ведаю, ці маю права пра гэта казаць. Гэта вельмі сур'ёзны момант”, - заявіў Зяленскі, адказваючы на пытанне аб колькасці страт украінскага войска за час поўнамаштабнай вайны з Расеяй на прэс-канферэнцыі 25 лютага.
Ён нагадаў, што прарасейскія сілы казалі пра гібель 300 тысяч украінскіх вайскоўцаў, у Расеі заяўлялі пра 100 тысяч, але “ўсё гэта хлусня, усё няпраўда”.
“31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў загінула ў гэтай вайне. Не 300 тысяч, не 150, але, тым не менш, кожная страта для нас цяжкая”, - сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што страты войска РФ забітымі складаюць 180 тысяч чалавек, а таксама да 450 тысяч параненымі.
“Вядома, у нас ёсць параненыя. Ёсць зніклыя без вестак, але колькі не буду казаць, таму што ёсць недакладнасці. І дзясяткі тысяч загінулых цывільных асоб на акупаваных тэрыторыях”, - адзначыў прэзідэнт Украіны.
Расейскае кіраўніцтва хавае страты сваіх войскаў у захопніцкай вайне супраць Украіны. Са звестак Генштаба УСУ, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання было ліквідавана ўжо больш за 400 тысяч акупантаў.
Пры гэтым брытанская выведка адзначае, што ў 2023 годзе страты расейцаў выраслі. Магчыма, Маскве спатрэбіцца да 10 гадоў, каб аднавіць прафесійнае войска.