19 красавiка 2024, Пятніца, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады збіраюцца закрыць яшчэ адзін прафесійны тэатр

4
Улады збіраюцца закрыць яшчэ адзін прафесійны тэатр

Тамака ўжо звольнілі дырэктара і некалькі супрацоўнікаў.

Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», які працуе ў Маладзечне, апынуўся пад пагрозай закрыцця. Пра гэта рэдакцыі «Зеркало» паведамілі некалькі чытачоў.

Як распавялі рэдакцыі чытачы, на мінулым тыдні (у дваццатых днях лютага) у тэатры прайшоў збор калектыву, на які прыязджалі службоўцы. Дырэктар тэатра Таццяна Чаеўская была звольнена з пасады. Калектыву прапанавалі знайсці новага больш эфектыўнага кіраўніка. Таксама не былі працягнутыя кантракты галоўнаму бухгалтару, галоўнаму адміністратару, двум работнікам майстэрняў, касцюмеру і двум прыбіральшчыцам. Замены гэтым людзям няма: заробкі ў культурнай сферы традыцыйна невысокія.

Са слоў чытачоў, у калектыве «Батлейкі» мяркуюць, што ў выканаўцы абавязкаў дырэктара - ім прызначаны адзін з тэхнічных супрацоўнікаў тэатра - ёсць распараджэнне не працягваць кантракты іншым супрацоўнікам і не перашкаджаць тым, хто хоча сысці раней за тэрмін заканчэння кантракту. Такім чынам, праз некаторы час у «Батлейцы» проста не будзе каму працаваць.

З чутак, у Маладзечне абмяркоўваюць магчымасць далучэння тэатра да мясцовага Палаца культуры. Але пацверджання гэтай інфармацыі няма.

Тэатр «Батлейка» быў заснаваны ў 1990 годзе. За гады працы ён неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і прызамі на міжнародных фестывалях тэатраў лялек Беларусі, Расеі, Малдовы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Італіі, Сербіі, Польшчы. У 2018 годзе спектакль «Сёстры Граі» (рэжысёр Яўген Карняг) стаў адным з пераможцаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Праблемы ў «Батлейкі» ўзніклі паўтара года таму. Як адзначаў Reform.by, у канцы кастрычніка 2022 года чыноўнікі паспрабавалі далучыць «Батлейку» да Менскага абласнога драматычнага тэатра, які працуе ў тым жа Маладзечне. «Батлейку» планавалі зрабіць філіялам гэтай установы. У такім выпадку трупа, хутчэй за ўсё, спыніла б існаванне. Ужо была названая і дата меркаванай рэарганізацыі - 1 студзеня 2023 года. Але ў выніку тэатр выратавалі юрыдычныя нюансы. Высветлілася, што філіял павінен знаходзіцца ў іншым населеным пункце, чым асноўная арганізацыя.

Тады «Батлейка» была выратаваная. Але новы напад чыноўнікаў установа можа не перажыць. Між тым, у Беларусі працуюць толькі 28 прафесійных тэатраў.

Нагадаем, што ў 2023 годзе ўжо спыніў сваё існаванне сталічны Тэатр аднаго актора «Зніч».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках