УСУ за дзесяць дзён збілі дзесяць расейскіх самалётаў
10- 27.02.2024, 23:55
- 17,856
Падлічылі, колькі каштуе гэтая страта ў далярах.
Цягам дзесяці дзён украінскія Паветраныя сілы знішчылі дзесяць расейскіх самалётаў – сем Су-34, два Су-35 і самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50. У грашовым вылічэнні гэта абышлося расейскаму войску прыкладна на 880 мільёнаў даляраў ЗША, адзначае «Люстэрка тыдня».
Так, 17 лютага, Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што знішчылі на Усходнім адразу тры варожыя самалёты – два знішчальнікі-бамбавікі Су-34 і адзін знішчальнік Су-35.
Ужо ў нядзелю раніцай да іх дадаўся чацвёрты расейскі знішчальнік.
«Блізу шостай гадзіны воіны паветранага камандавання "Усход" прызямлілі чарговы расейскі самалёт – знішчальнік-бамбавальнік Су-34 на ўсходнім кірунку», – адзначылі ў Паветраных сілах.
На гэтым адлік не спыніўся і ў панядзелак, 19 лютага, пра выбухі і падзенне самалёта ў моры паведамілі жыхары акупаванага Марыюпаля. Пазней у сацыяльных сетках заявілі, што з радараў знік сігнал адразу двух расейскіх паветраных суднаў. Урэшце паветраныя сілы УСУ паведамілі, што знішчылі два расейскія самалёты, якія наносілі ўдары кіраванымі авіябомбамі па пазіцыях нашых войскаў – адзін знішчальнік-бамбавальнік Су-34 і адзін знішчальнік Су-35С.
Яшчэ адзін расейскі знішчальнік Паветраныя сілы УСУ паклалі раніцай у сераду, 21 лютага. Ён стаў сёмым знішчаным расейскім самалётам за апошні тыдзень.
«У гэты раз магу сказаць, што лётчыку Су-35 пашанцавала – зманеўраваў і больш не рызыкуе. А вось экіпаж Су-34 далучаецца да нашай рубрыкі “Вечнага палёту, браты”», – пракаментаваў збітую цэль камандзір Паветраных сілаў Мікалай Аляшчук.
Расейскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50 23 лютага быў збіты з дапамогай савецкага зенітна-ракетнага комплексу С-200.
У аўторак, 27 лютага, украінскія вайскоўцы збілі два знішчальнікі-бамбавальнікі Су-34.
– Кірунак – той самы! Цэль – нязменная! Пры такіх стратах баявой і спецыяльнай авіяцыі расейцы павінны задумацца, прынамсі на час спыніць «авіяцыйныя мясныя штурмы». Што ж, працуем далей, – падкрэсліў Аляшчук.
Такім чынам, за дзесяць дзён Расея страціла над Украінай дзевяць знішчальнікаў і самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення, а агульныя баявыя страты яе авіяцыі выраслі з 340 самалётаў да 342.
Знішчальнік-бамбавальнік Су-34
Су-34 і Су-35 уважаюцца за адны з самых сучасных самалётаў расейскіх акупантаў. Іх вытворчасць ва ўмовах санкцый стала даўжэйшай і больш праблематычнай, аднак РФ прадаўжае вырабляць самалёты, хоць гэта 2-3 адзінкі за год, калі гаворка ідзе пра Су-34.
Су-34 – расейскі знішчальнік-бамбавальнік, створаны на аснове Су-27. Ён прымеркаваны на нанясенне ўдараў, можа атакаваць рухомыя цэлі. Ягоная асноўная задача – нанясенне дакладных удараў па цэлях розных канфігурацый – ад самалёта ворага да наземных цэляў у тылавых частках вядзення баявых дзеянняў.
Экіпаж знішчальніка Су-34 складаецца з двух чалавек. Самалёт узброены гарматай 30 мм калібру і мае 12 кропак для нясення баявой нагрузкі, што вагой не павінна перавышаць 8 т. У радыёлакацыйнай сістэме задзейнічаная магчымасць распазнання цэлі на адлегласці да 75000 м. Хуткасць палёту даходзіць да 1900 км/г.
Кошт знішчальніка-бамбавіка Су-34 – арыентавальна 50 млн дал. Пры гэтым кошт самалёта наўпрост залежыць ад ягоных дадатковых магчымасцяў, а Расея вырабляе не ўсе ягоныя складальнікі, хоць некаторыя з іх можа набываць у іншых краінаў.
Шматмэтавы знішчальнік Су-35
Су-35 прызначаны для перахопу і вядзення бою на далёкай і блізкай дыстанцыі. Таксама выкарыстоўваецца для паразы наземных і надводных аб'ектаў войскаў, наземнай інфраструктуры і г.д.
Су-35 – глыбокая мадэрнізацыя знішчальніка Су-27. Ён спалучае звышманеўранасць, валодае актыўнымі і пасіўнымі сродкамі выяўлення, высокай звышгукавой хуткасцю, можа здзяйсняць доўгія палёты.
Знішчальнік можа несці восем кіраваных ракетаў класу паветра – паветра, а таксама ракеты малой далёкасці і блізкага бою і шэсць кіраваных ракетаў класу паветра – зямля.
Паводле звестак расейскіх СМІ, кошт знішчальніка Су-35 вагаецца ад $98 да $104 млн.
А-50
Самалёты далёкага радыёлакацыйнага сачэння (ДРЛС) А-50 і А-50У (мадэрнізаваная версія А-50) прызначаныя для суправаджэння паветраных цэляў і каардынацыі ўдарнай авіяцыі пры навядзенні на паветраныя, наземныя і марскія цэлі, а таксама могуць служыць паветраным камандным пунктам для знішчальнікаў.
Так, падчас ракетнага нападу борта радыёлакацыйнага выяўлення ў паветры фіксуюць запускі СПА, што дазваляе вызначыць размяшчэнне сістэмаў і пры наступнай серыі пускаў абыйсці сістэмы супрацьпаветранай абароны ці ўразіць іх.
На ўзбраенні расейскіх ваенна-касмічных сілаў на стан 2010 года знаходзіліся 26 паветраных караблёў ДРЛС. Дакладная колькасць баяздольных А-50 на гэты момант невядомая, аднак яна ніжэйшая за колькасць наяўных бартоў. Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», на пачатак 2023 года расейскія ВКС мелі на ўзбраенні 9 такіх самалётаў.
Кошт аднаго такога карабля блізу 330 мільёнаў даляраў.
Такім чынам, толькі за дзесяць дзён расейская авіяцыя страціла самалётаў арыентальвана на 880 мільёнаў даляраў ЗША.