Амбасадар Літвы: NATO «нейтралізуе» Калінінград першым, калі РФ кіне выклік Альянсу
3- 27.02.2024, 21:16
- 4,642

Пасля ўступлення Швэцыі ў NATO Балтыйскае мора стане ўнутраным морам Альянсу.
Краіны Паўночнаатлантычнага альянсу адразу «нейтралізуюць» Калінінград у выпадку, калі расейцы кінуць выклік NATO. Пра гэта ў сацсетцы Х заявіў амбасадар Літвы ў Швэцыі Лінас Лінкявічус.
Ён расказаў, што пасля ўступлення Швэцыі ў NATO Балтыйскае мора стане ўнутраным морам Альянсу.
«Калі Расея адважыцца кінуць выклік NATO, Калінінград будзе «нейтралізаваны» першым. Папярэднія лжывыя абвінавачванні Расеі ў тым, што яна акружаная NATO, цяпер становяцца рэальнасцю», – падкрэсліў Лінкявічус.
Нагадаем, яшчэ ўчора, 26 лютага, парламент Вугоршчыны ратыфікаваў заяўку Швэцыі на ўступленне ў NATO. Цяпер пастанову парламента цягам пяці дзён павінен зацвердзіць выканаўца абавязкаў прэзідэнта Вугоршчыны Ласла Кевер.
Потым заяўку, якую ўхваліла Вугоршчына, павінны накіраваць у Дзяржаўны дэпартамент ЗША.
Вугоршчына стала апошняй краінай, ратыфікацыя якой была неабходная для таго, каб Швэцыя афіцыйна ўступіла ў Паўночнаатлантычны альянс.