Арменія і Азербайджан пачалі мірныя перамовы ў Берліне
8- 28.02.2024, 19:10
- 5,216
Кіраўніца МЗС Нямеччыны заявіла аб смелых кроках дзвюх краін.
Арменія і Азербайджан пачалі мірныя перагаворы ў Берліне па запрашэнні ўрада ФРГ. У сераду, 28 лютага, міністр замежных спраў Нямеччыны Аналена Бербак прыняла кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў абедзвюх краін Арарата Мірзаяна і Джэйхуна Байрамава ў рамках намаганняў для развязання канфлікту вакол Нагорнага Карабаху, які доўжыцца некалькі дзесяцігоддзяў, паведамляе DDW.
Цяпер з'явілася магчымасць устанаўлення трывалага міру ў рэгіёне, заявіла Бербак. З яе слоў, абодва бакі ўжо зрабілі смелыя крокі, каб пакінуць мінулае ззаду. «Я апладырую вам і вашым урадам за смеласць, якую вы праяўляеце для дасягнення гэтай мэты», - заявіла яна армянскаму і азербайджанскаму калегам. Адкрываючы двухдзённыя перамовы, Бербак падкрэсліла, што для прасоўвання наперад неабходныя «сапраўдная прыхільнасць і рашучасць», а дасягненне згоды паміж дзвюма каўказскімі дзяржавамі будзе мець «станоўчы эфект за межамі абедзвюх краін» і «адкрые шлях да лепшай будучыні і працвітання на Паўднёвым Каўказе».
Кіраўніца МЗС Нямеччыны таксама адзначыла, што перамовы ў Берліне павінны будуць прадоўжыць пачатыя два тыдні таму ў Мюнхене «прадуктыўныя дыскусіі». Яна таксама ўказала, што Берлін хоча прапанаваць «падыходную платформу для прагрэсу» ў перамовах. «Нямеччына прыкладае намаганні, каб нявырашаныя пытанні паміж Арменіяй і Азербайджанам развязваліся мірным шляхам і без ужывання сілы, - заявілі ў МЗС ФРГ перад пачаткам перамоў. - Для гэтага важна, каб мірныя перамовы дзвюх краін скончыліся як мага хутчэй».
Дамоўленасць аб мірных перамовах у Берліне была дасягнутая на сустрэчы канцлера ФРГ Олафа Шольца, прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна і прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў рамках Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы ў сярэдзіне лютага. Па яе выніках Шольц паведаміў, што Ерэван і Баку гатовыя ўладзіць свае рознагалоссі без ужывання гвалту. Ён прывітаў гатоўнасць абодвух бакоў шукаць развязанне існых рознагалоссяў і адкрытых пытанняў «выключна мірным шляхам і без выкарыстання насілля».