27 лiпеня 2024, Субота, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Сёмкаве выставілі на продаж дом-палац за паўтара мільёна даляраў

22
У Сёмкаве выставілі на продаж дом-палац за паўтара мільёна даляраў

З цудоўным панарамным відам з вокнаў на Менск, Менскае мора і лясны масіў.

У Сёмкаве прадаецца дом, які больш падобны на рэзідэнцыю або палац магната - і выглядам, і памерам, і напаўненнем. Кошт адпаведны - 1,5 мільёна даляраў. Realt паказаў, за што такія грошы.

У асяроддзі рэспектабельных катэджаў у гэтай частцы Сёмкава дом за паўтара мільёна даляраў выглядае цалкам арганічна. Але ён усё ж вылучаецца - найперш сваёй класічнай «палацавай» архітэктурай. І памерамі - 4 паверхі, 833 квадраты.

Камяніца стаіць на ўзвышшы, што забяспечвае цудоўныя панарамныя віды з вокнаў на Менск, Менскае мора і лясны масіў.

Пабудаваны ён з цэглы, уцеплены, атынкаваны і пафарбаваны ў прыгожа-белы колер, на даху - натуральная дахоўка. З двара прымыкае вялізная тэраса на 170 квадратаў.

Унутры вялікія светлыя пакоі з высокімі вокнамі, няма вузкіх і выцягнутых пакояў. Паміж паверхамі - каменныя сходы з каванымі парэнчамі, падваконнікі з каменя, на падлогах паркетная дошка ды італьянская плітка.

Дом прадаецца з мэбляй, бытавой тэхнікай і абсталяваннем і гэтага пасагу тут шмат: дарагая мэбля з масіву, тэхніка і сантэхніка Bosch, Siemens, Eliplane, Samsung, Viega, Nicolazzi, Roca, Blanco і інш.

У доме 11 жылых пакояў, канферэнц-зала, дзве кухні, тры каміны, печ, джакузі, саўна, басейн, трэнажорная зала, камінная зала, вінны склеп, гардэробныя, майстэрня, дапаможныя пакоі для захоўвання, пакой для захоўвання ровараў, пакой для захоўвання аўташын, пакой для сістэмы ачысткі вады, пакой з катлом і сістэмай ацяплення, пральная. Гэта яшчэ не ўсё - у доме маецца ацяпляны гараж два аўтамабілі.

У інжынерным плане ўсё зроблена на высокім узроўні. Маецца ўласная свідравіна на ўчастку і цэнтральны вадаправод, усталяваны газавы кацёл Viessmann, цёплыя падлогі, тэрмарэгулятары ў пакоях, кандыцыянеры, сістэма ачысткі вады (выдаленне жалеза, змякчэнне), сістэма ачысткі басейна і джакузі.

Каналізацыя мясцовая. Падведзенае оптавалакно, ёсць відэаназіранне і спадарожнікавая тэлевізія.

Памер пляцу - 25 сотак. Ад вуліцы ён абгароджаны парканам з валуноў з аўтаматычнымі ўязнымі варотамі з дыстанцыйным кіраваннем. На тэрыторыі ёсць тры парковачныя месцы, а каля ўезду на тэрыторыю адведзенае месца пад гасцявую стаянку.

Пляц добраўпарадкаваны, зроблены дрэнажная і палівальная сістэмы. Таксама ёсць крытая зона барбекю з праведзенымі да яе камунікацыямі.

За дом, нагадаем, просяць 1,5 млн даляраў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках