У Беларусі знайшлося чарговае аўто нібы з РФ з цікавай біяграфіяй
- 29.02.2024, 14:55
- 6,352
![У Беларусі знайшлося чарговае аўто нібы з РФ з цікавай біяграфіяй](https://i.c97.org/ai/585647/aux-head-1709207563-20240229_bmw_klimovichi_360.jpg)
Дакументы падробленыя, нумары хітра перабітыя і ёсць двайнік.
У Клімавічах знайшлі чарговы аўтамабіль з крымінальнай біяграфіяй, які мае «двайніка» у іншай краіне. У яго падробленае пасведчанне аб рэгістрацыі ў РФ, змененыя VIN, да таго ж аўто скрадзенае ў Еўропе. Гэта ўжо не першы выпадак за апошні час, расказалі ў Дзяржкамітэце судовых экспэртыз.
Супрацоўнік ДАІ спыніў у Клімавічах BMW 7 серыі 2014 года выпуску расейскімі нумарамі, якім кіраваў мясцовы жыхар. VIN падаліся інспектару падазронымі, пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку таксама. Тое і другое адправілі на судовую экспэртызу.
Сумневы наконт сапраўднасці ідэнтыфікацыйных маркіровачных пазначэнняў пацвердзіліся – эксперты ўсталявалі, што ў BMW выразаны фрагмент маркаванай панэлі са знакамі першапачатковай ідэнтыфікацыйнай маркіроўкі, а на яго месца ўстаноўленая іншая панэль са знакамі другаснай маркіроўкі. Затое падчас даследаванняў атрымалася ўсталяваць вытворчы нумар кузава, які не зазнаваў змен, і гэта дапамагло вызначыць першапачатковы VIN.
Высновы экспэртызы дакументаў таксама былі несуцяшальнымі. Высветлілася, што пасведчанне аб рэгістрацыі, выдадзенае нібыта на прадпрыемстве на РФ, раздрукаванае на друкарцы з імітацыяй ахоўных элементаў.
![](https://i.c97.org/ai/585647/aux-1709207495-avto_mogilev_2902.jpg)
Пачалася праверка. Высветлілася, што BMW скрадзенае ў адной з еўрапейскіх краін, а ў Расеі маецца Mercedes з сапраўды такім жа рэгістрацыйным нумарам, як і ў BMW.
Са слоў цяперашняга ўладальніка аўто, ён купіў яго ў Расеі сем гадоў таму і не ведаў, што і дакументы, і ідэнтыфікацыйны нумар неарыгінальныя.