У Маскве затрымалі галоўнага рэдактара «Новой газеты»
- 29.02.2024, 15:01
- 11,386
Дзе ён знаходзіцца - невядома.
У Маскве раніцай супрацоўнікі цэнтра "Э" затрымалі галоўнага рэдактара "Новой газеты" Сяргея Сакалова. Пра гэта паведамляе "Новая газета".
У якім аддзяленні знаходзіцца Сакалоў - невядома. У дачыненні да яго склалі адміністрацыйны артыкул аб “дыскрэдытацыі” расейскага войска (ч. 1 арт. 20.3.3. КоАП). Яму можа пагражаць штраф сумай да 50 тысяч рублёў.
Да матэрыялаў адміністрацыйнай справы прыкладаецца экспертыза, праведзеная ФГУП "ГРЧЦ". Справа тычыцца адной з публікацый “Новой газеты”.
Разгляд справы пройдзе ў Пяроўскім судзе, час разгляду пакуль невядомы.
Сяргей Сакалоў стаў галоўным рэдактарам "Новой газеты" ў лістападзе 2023 года. За ягоную кандыдатуру прагаласавалі 79 з 84 супрацоўнікаў рэдакцыі, пяцёра ўстрымаліся.
У верасні 2023 года Сакалова прызначылі выканаўцам абавязкаў галоўнага рэдактара "Новой". Гэта адбылося пасля таго, як Нобэлеўскі лаўрэат Дзмітрый Муратаў заявіў, што сыдзе з пасады галоўнага рэдактара выдання на час разбору ў судзе, дзе ён аспрэчыць сваё ўключэнне ў рэестр “замежных агентаў”.
Да гэтага прызначэння Сакалоў быў намеснікам галоўнага рэдактара і шэф-рэдактарам выдання.
Сяргей Сакалоў - адзін з самых дасведчаных рэдактараў у “Новой”. У 2021 годзе ён выступіў у якасці суаўтара дакументальнага фільма аб забойстве журналісткі Ганны Паліткоўскай.