27 лiпеня 2024, Субота, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Стаім усю ноч, а як вяртацца будзем, не ведаем»

3
«Стаім усю ноч, а як вяртацца будзем, не ведаем»

Што адбываецца на «Прывалцы» за некалькі гадзін да закрыцця руху.

З 1 сакавіка літоўскі бок у аднабаковым парадку надумаў закрыць пункты пропуску "Райгорад" ("Прывалка") і "Лаварышкі" ("Катлоўка") на мяжы з Беларуссю. Цяпер каб дабрацца з Гародні, напрыклад, у Друскенікі ці польскі Беласток кіроўцам давядзецца рабіць вялікае кола. Для іх на літоўскай мяжы застануцца даступнымі толькі пункты пропуску "Меднікі" ("Каменны Лог") і "Салечнікі" ("Беняконі"). Ды і там літоўцы часова спынілі афармленне пешаходаў і веласіпедыстаў.

Як гэта адаб'ецца на сітуацыі на мяжы? Чэргі ўзрастуць, адназначна ўпэўнены кіроўцы, якія стаяць у невялікай чарзе перад пунктам пропуску "Прывалка" днём 29 лютага. Закрыццё руху сёння галоўная навіна для абмеркавання, піша newgrodno.by.

“Нічога добрага ў гэтым няма”, - проста кажа мужчына з аўто на літоўскіх нумарах. Ён прыязджаў у госці да сваякоў. Цяпер, кажа, давядзецца рабіць кола праз «Беняконі», што ў Воранаўскім раёне, калі раптам збярэцца зноў паехаць. “Але тры дні стаяць у чарзе я не хачу”, - наракае ён.

“Мы стаім тут з ночы. Ужо больш за 12 гадзін. Зразумела, што калі стане менш даступных пунктаў пропуску, то чэргі яшчэ больш вырастуць. Як будзем вяртацца? Імкнёмся пра гэта яшчэ не думаць. Мы дальнабойшчыкі, едзем на працу, выправа 2 месяцы. Можа дагэтуль яшчэ нешта зменіцца”, - кажуць двое мужчын з яшчэ аднаго легкавіка.

“Прыдумалі глупства нейкае. Нязручнасці для гэтага простым людзям”, - наракае яшчэ адзін кіроўца з чаргі.

Мужчына з Латвіі расказвае, што ў Беларусі ў яго жонка. Як будзе ездзіць пасля 1 сакавіка пакуль не ведае, але аптымізму з гэтай нагоды не адчувае.

Дарэчы, у чарзе стаяць толькі адны легкавікі. Звыклай чаргі з фур не заўважана. Кіроўцы гавораць, што было некалькі грузавікоў, якія тут жа заехалі ў пункт пропуску. А дзе астатнія? Магчыма, дальнабойшчыкі загадзя перанакіравалі маршруты, каб не рызыкаваць і не апынуцца ля закрытага шлагбаума, бо грузавы транспарт літоўскі бок афармляў апошнім часам вельмі павольна.

Тым часам на пад'ездзе да “Прывалкі” працягваецца будаўніцтва зоны чакання з сістэмай электроннай чаргі. Работы тут, нягледзячы на прыпыненне руху, не спыняюцца. Значыць, ёсць надзея, што ўсе праблемы часовыя і рана ці позна закончацца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках