27 лiпеня 2024, Субота, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брусэль перавёў Польшчы раней замарожаныя сродкі ЕЗ

5
Брусэль перавёў Польшчы раней замарожаныя сродкі ЕЗ
ДОНАЛЬД ТУСК І ЎРСУЛА ФОН ДЭР ЛЯЕН. АЎТАР: SCANPIX/EPA/LESZEK SZYMANSKI

Варшава атрымала 137 млрд еўраў.

Еўрапейская камісія разблакавала замарожаныя падчас канфлікту з ЕЗ сродкі для Польшчы. Улады ў Варшаве атрымаюць 137 млрд еўраў, якія ўтрымліваліся дагэтуль, паведаміла брусэльская ўстанова ў чацвер, 29 лютага. Прыведзены ў снежні да прысягі праеўрапейскі ўрад Дональда Туска выканаў патрабаванні ЕЗ у галіне незалежнасці правасуддзя і пачаў рэформу польскай сістэмы юстыцыі, растлумачылі ў Брусэлі.

Гэтыя грошы ўключаюць амаль 60 млрд еўраў у рамках еўрапейскай праграмы аднаўлення эканомікі ад наступстваў пандэміі, а таксама блізу 77 млрд еўраў з праграмаў фінансавання ў розных сферах, напрыклад рэгіянальнага развіцця і рыбалоўства. Раней замарожаныя сродкі будуць пераведзеныя Варшаве праз некалькі этапаў, указваецца далей.

Некалькі дзён таму старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен падчас візіту ў Варшаву заявіла, што польскі ўрад зрабіў значныя намаганні ў выкананні патрабаванняў ЕЗ.

Раней польскі міністр юстыцыі Адам Баднар прапанаваў план захадаў для спынення разбору, які прадаўжаецца ў ЕЗ, датычна Польшчы. Сярод іншага гаворка ідзе пра спыненне пачатага ў канцы 2017 года працэсу, у рамках якога Варшаве пагражае пазбаўленне голасу ў Радзе ЕЗ. Пасля спынення разбору ў дачыненні да Польшчы Вугоршчына застанецца адзінай краінай, у дачыненні да якой вядзецца падобны працэс.

Канфлікт паміж Брусэлем і папярэднім кансерватыўным урадам Польшчы вакол судовай рэформы доўжыўся з пачатку 2016 года. Пасля таго як польскі прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў закон аб судах агульнай юрысдыкцыі, Еўракамісія ўпершыню ў гісторыі ЕЗ пачала працэдуру ягонай праверкі на адпаведнасць стандартам ЕЗ.

Спрэчная судовая рэформа прадугледжвала права міністра юстыцыі звальняць старшыняў судоў, замяняючы іх іншымі кандыдатамі. Еўракамісія, адной з функцый якой з'яўляецца кантроль над выкананнем еўрапейскага заканадаўства, патрабавала ад Варшавы скасаваць судовую рэформу або прывесці яе ў адпаведнасць са стандартамі ЕЗ.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках