27 лiпеня 2024, Субота, 14:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інфляцыя ў Нямеччыне на самым нізкім узроўні з чэрвеня 2021 года

5
Інфляцыя ў Нямеччыне на самым нізкім узроўні з чэрвеня 2021 года

Кошты электраэнэргіі ў лютым 2024 года былі на 2,4% ніжэйшыя за ўзровень лютага 2023 года.

Узровень інфляцыі ў Нямеччыне ў лютым 2024 года, як мяркуецца, складзе 2,5%. Гэта самы нізкі паказнік з чэрвеня 2021 года, калі інфляцыя складала 2,4%, вынікае з паведамлення Федэральнай статыстычнай установы, апублікаванага ў чацвер, 29 лютага, паведамляе DW.

Адзначаецца, што рост спажывецкіх коштаў у Нямеччыне ў лютым 2024 года ў параўнанні са студзенем 2024 года складзе 0,4%. Між тым паказнік інфляцыі без уліку росту коштаў прадуктаў харчавання і энэргіі, так званая базавая інфляцыя, як мяркуецца, складзе 3,4%, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У студзені 2024 года ў Нямеччыне скончыўся тэрмін дзеяння так званага коштавага тормазу, які быў уведзены ўрадам ФРГ для стрымлівання росту коштаў электраэнэргіі. У студзені ж быў падвышаны кошт выкідаў вуглякіслага газу, якая адбіваецца на коштах выкапнёвых крыніцаў энэргіі – такіх, як паліва для транспарту, топачны мазут і прыродны газ. Нягледзячы на гэта, кошты электраэнэргіі ў лютым 2024 года былі на 2,4% ніжэйшыя за ўзровень лютага 2023 года, канстатуюць у Федэральнай статыстычнай установе.

Пры гэтым рост коштаў прадуктаў харчавання, які склаў 0,9% у параўнанні з лютым 2023 года, чарговы раз істотна запаволіўся і ўпершыню з лістапада 2021 года быў ніжэйшы за агульныя тэмпы росту коштаў.

Чакаецца, што канчатковыя паказнікі інфляцыі ў Нямеччыне Федэральная статыстычная ўстанова апублікуе 12 сакавіка.

Як піша агенцтва Reuters, спажыўцы ў Нямеччыне могуць спадзявацца на далейшае паніжэнне ўзроўню інфляцыі, а большасць прадпрыемстваў, паводле звестак нямецкага інстытута эканамічных даследаванняў ifo, не мае намер падвышаць кошты сваёй прадукцыі. «У найбліжэйшыя месяцы інфляцыя, верагодна, прадоўжыць зніжацца», – заявіў у гэтай сувязі кіраўнік аддзела даследавання кан'юнктуры ў ifo Ціма Вальмерсхойзер.

Эксперты Deutsche Bank Research прагназуюць, што сярэднегадавая інфляцыя ў Нямеччыне ў 2024 годзе складзе 2, 2%. У 2023 годзе ўзровень росту спажывецкіх коштаў у Нямеччыне склаў 5,9 адсотка ў параўнанні з 2022 годам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках