Уладзіслаў IV Ваза: як ВКЛ і Польшча паставілі над Масквой свайго цара
- 6.02.2024, 18:36
- 2,514
Сын Жыгімонта ІІІ вярнуў нашай дзяржаве Смаленск і мноства гарадоў на ўсходзе.
Вялікі князь Літоўскі і кароль польскі Уладзіслаў IV Ваза нарадзіўся 9 чэрвеня 1595 г. у Кракаве. Яго бацькамі былі кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза і Ганна Габсбургская. Маці Уладзіслава памерла, калі яму было тры гады, і яго выхаваннем займалася былая фрэйлін Ганны Габсбургскай Урсула Мэерын, піша vklby.com.
Уладзіслаў Ваза атрымаў адпаведную свайму становішчу ў грамадстве добрую хатнюю адукацыю. Ён умеў чытаць і пісаць на нямецкай, італійскай мовах, а таксама на латыні, аднак размаўляў ён толькі на польскай мове. Падчас вучобы ён дастаткова моцна захапіўся жывапісам і потым, з цягам часу стаў апекавацца маладымі таленавітымі мастакамі.
Будучы прэтэндэнтам на пасад Рэчы Паспалітай, ён таксама меў права на швэдскую карону, бо быў унукам швэдскага караля Юхана III, а яго ўласны бацька, Жыгімонт III Ваза, некаторы час займаў пасад Швэцыі.
У 1610 годзе, у Маскве, у перыяд так званага «Смутнага часу», баяры, якія ўзялі ўладу ў свае рукі пасля праўлення Васіля Шуйскага, прапанавалі стаць маскоўскім царом Уладзіславу IV Вазе. Абвясціць абвясцілі, нават пачалі чаканіць яго манету, але ён у Маскву так і не прыбыў, праваслаўя не прыняў і не быў вянчаны на царства. Прычынай гэтай затрымкі паслужыла нежаданне яго бацькі Жыгімонта ІІІ Вазы адпускаць сына ў Маскву, бо ён сам прэтэндаваў на маскоўскі трон, але маскоўскім баярам гэты варыянт быў нецікавы. У выніку, пасля ўсялякіх інтрыг, барацьбы за прывілеі і палітычны ўплыў сямібаяршчына была зрынутая, а новым маскоўскім царом у 1613 годзе выбралі Міхаіла Раманава.
Уладзіслаў IV Ваза ўсё ж паспрабаваў з дазволу Рэчы Паспалітай вярнуць сабе ўжо заняты трон. Набраўшы 11 тысячнае войска, якое складалася з войскаў ВКЛ і Польшчы, ён адправіўся ваенным паходам на Маскву. Яго войска ўзначаліў Вялікі гетман Літоўскі Ян Карл Хадкевіч, сярод ваяроў Уладзіслава ў паходзе быў і канцлер ВКЛ Леў Сапега.
Ім удалося дайсці да Масквы і яны нават аблажылі яе, але недахоп сродкаў і халодная зіма вымусілі пайсці на мірную дамову з маскоўскім царствам. І хоць трон быў беззваротна страчаны, затое паводле Дэулінскага мірнага пагаднення да ВКЛ вярнуліся раней захопленыя Масквой Смаленск, Старадуб, Тарапец, Себеж, Вяліж, Дарагабуж, Невель, Чырвоны, Белы, Рослаў, Серпейск, Ноўгарад-Северскі і шэраг іншых прыгранічных гарадоў.
У 1621 годзе Уладзіслаў зноў адпраўляецца ў ваенны паход і бярэ ўдзел у бітве пад Хоцінам супраць туркаў. Камандаванне сваім войскам ён даверыў дасведчанаму і таленавітаму Вялікаму гетману Літоўскаму Яну Карлу Хадкевічу.
У 1624-1625 гадах Уладзіслаў Ваза падарожнічаў па Еўропе, вучыўся, вывучаў вайсковае мастацтва. У 1626 годзе ён, вярнуўшыся ў Рэч Паспалітую, адпраўляецца на вайну са швэдамі, якая доўжылася з 1626 да 1629 года.
30 красавіка 1632 года памірае бацька Уладзіслава кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ. У рэспубліцы двух народаў наступіў перыяд бескаралеўя і спроб выбараў новага караля. Праз паўгода 8 лістапада 1632 года сейм Рэчы Паспалітай абірае новым каралём Уладзіслава IV Вазу і абвяшчае яго абранне 6 лютага 1633 года.
За той перыяд, пакуль ішлі выбары новага караля Рэчы Паспалітай, маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч, скарыстаўшыся момантам, адправіў 32000-е войска на чале з ваяводам Шэйнам пад Смаленск. Адразу штурмам горад узяць не ўдалося, і Шэйн аблажыў яго. У адказ Уладзіслаў Ваза сабраў 20-тысячнае войска і 25 жніўня ён ужо быў за сем вёрст ад Смаленска. Яму ўдалося акружыць войска Шэйна, і той, не здолеўшы прарваць аблогу, праз паўгода прыняў прапанову аб капітуляцыі. 19 лютага 1634 года пакінуўшы 123 гарматы і кінуўшы да ног Уладзіслава Вазы ўсе свае сцягі, Шэйн сышоў з пакінутым 8-тысячным войскам па маскоўскай дарозе.
У тым жа 1634 годзе, не распускаючы войскі, Уладзіслаў IV Ваза адправіў іх з маскоўскіх межаў на поўдзень, да турэцкіх межаў. Гэтыя своечасовыя дзеянні дапамаглі падпісаць мір і спыніць турэцкае войска, якое збіралася ўварвацца на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У наступным годзе, скарыстаўшыся тым, што Швэцыя была ўцягнутая ў трыццацігадовую вайну, ён падпісаў са швэдамі выгаднае Штумсдорфскае замірэнне, паводле якога шэраг раней заваяваных тэрыторый вяртаўся да Рэчы Паспалітай.
Ва ўнутранай палітыцы Уладзіслаў Ваза імкнуўся атрымаць больш улады над сеймам, магнатамі і шляхтай. Аднак, у адрозненне ад свайго бацькі, ён быў верацярпімым і ў сваіх палітычных інтрыгах і ўмела карыстаўся супрацьстаяннем пратэстантаў, каталікоў і праваслаўных.
Уладзіслаў Ваза быў двойчы жанаты. Першы раз ён ажаніўся ў 1637 годзе з эрцгерцагіняй Цэцыліяй Рэнатэ Аўстрыйскай, якая нарадзіла яму двух дзяцей, якія памерлі ў раннім узросце. Сама каралева пайшла з жыцця ў 1644 годзе і была пахаваная ў Вавельскай катэдры ў Кракаве.
У 1646 годзе Уладзіслаў ажаніўся другі раз з французскай прынцэсай Марыяй Луізай дэ Ганзага дэ Нэвер. Але гэты шлюб працягнуўся нядоўга. 20 траўня 1648 года Уладзіслаў IV Ваза памірае. Яго сэрца і ўнутраныя органы былі пахаваныя ў Вільні ў капліцы Святога Казіміра сабора Святога Станіслава. Спадчыннікаў пасля яго не засталося.