5 траўня 2024, Нядзеля, 4:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Хрыстафор Радзівіл Пярун дамогся небывалых перамог

Як Хрыстафор Радзівіл Пярун дамогся небывалых перамог

З дзяцінства легендарнага дзеяча ВКЛ выхоўвалі як ваяра.

У лютым 1547 нарадзіўся Крыштаф Радзівіл з мянушкай Пярун – вядомы вайсковец і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, піша planetabelarus.by.

Бацькамі Крыштафа былі Мікалай Радзівіл Руды і Кацярына Таміцкая. Будучы гетман і ваявода рос на подзвігах і прыкладах свайго бацькі.

Хлопчык атрымліваў адукацыю дома, пры гэтым бацька выхоўваў сына як ваярна. Так, у 16 гадоў юны Радзівіл ужо прыняў баявое хрышчэнне ў бітве пры Уле, якая скончылася поўным разгромам войска расейскага царства.

Юнак аказаўся таленавітым ваяром, яму далі мянушку Пярун – за «тактыку выпаленай зямлі», якую ўжываў падчас ваеннага паходу.

Ужо ў 1567 годзе ён адначасова стаў ротмістрам надворнай коннай роты (ягоны атрад ажыццяўляў асабістую ахову вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста) і крайчым ВКЛ.

Радзівіл Пярун дабіўся небывалых перамог – ваенных і дыпламатычных. У розныя гады займаў пасады: краўчы літоўскі, падчашы літоўскі, гетман польны літоўскі, кашталян трокскі, падканцлер літоўскі, ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі, стараста какенгаўзскі, салецкі, жажмарайскі, ужэндуўскі, аінскі, барысаўскі, навамыскі.

Ён быў вельмі багаты, амбасадар ангельскай каралевы Лізаветы запісаў у мемуарах, з якой раскошай прымаў яго ў Вільні Пярун – пышней, чым кароль! Зразумела, гэтыя неверагодныя багацці дасталіся Крыштафу Радзівілу ў спадчыну, аднак, на думку гісторыкаў, і сам Пярун стараўся прымножыць іх. І не заўсёды прыгожымі, на наш сучасны погляд, спосабамі, напрыклад праз выгадныя шлюбы – іх у Радзівіла было чатыры.

Першы раз Крыштаф ажаніўся ў 24 гады. Ягоная жонка: Ганна Собек – дачка старасты варшаўскага і салецкага. Нарадзіла дваіх дзяцей – Барбару і Мікалая, але хлопчык пражыў усяго тры гады. Удавец атрымаў у спадчыну салецкае стараства ў Сандамірскім ваяводстве.

Нядоўга пабедаваўшы, Крыштаф Радзівіл ажаніўся з дачкой ваяводы кіеўскага Канстанціна Астрожскага Кацярынай. Сын Януш, народжаны ў гэтым шлюбе, стаў мужам Сафіі Слуцкай, памножыўшы багацці роду. Кацярына памерла ва ўзросце 19 гадоў.

Трэцяй жонкай стала ўдава слуцкага князя Юрыя Алелькавіча Кацярына Тэнчынская, дачка ваяводы Сандамірскага і Кракаўскага. Ёй было 38 гадоў, яна была на тры гады старэйшая за Крыштафа Радзівіла і мела траіх сыноў ад ранейшага шлюбу. Аднак з усіх сваіх жонак менавіта Тэнчынскую Пярун называў каханай.

Гэты шлюб доўжыўся дзесяць гадоў, у ім нарадзіліся дачка Эльжбета і сын Крыштаф. Кацярына памерла 19 сакавіка 1592 года ў Міры, пакінуўшы сужэнцу велізарную спадчыну (адзін прададзены ім маёнтак Даўгаброды на Берасцейшчыне прынёс 24 тысячы злотых).

Чацвёрты раз жонкай стала родная сястра ягонай другой жонкі Эльжбета Астрожская, якая нядаўна заўдавела, атрымаўшы ў спадчыну маёнткі віленскага кашталяна і ваяводы берасцейскага Яна Кішкі. Аднак ні папа рымскі, ні пратэстанскія святары згоду на кровазмяшальны (як гэта лічылася) шлюб не давалі. І ўсё ж у адным з касцёлаў Коўна знайшоўся святар, які абвянчаў Перуна і Эльжбету. У выніку гэтага шлюбу Радзівілу адышлі Глуск, Копысь, Раманава, Асташын, Тэрнопаль.

На думку гісторыкаў, гэта быў «дамоўны» шлюб, таму супольных дзяцей не было. Чацвёртую жонку сваю Крыштаф Радзівіл Пярун таксама перажыў. Яна памерла ў 1599 годзе, ён – на чатыры гады пазней памёр у Вільні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках