20 красавiка 2024, Субота, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каліновец «Франц»: Беларусам трэба рыхтавацца да маштабных падзей

37
Каліновец «Франц»: Беларусам трэба рыхтавацца да маштабных падзей

Новая Беларусь не ўпадзе на нас з неба.

Ціхан «Франц» Клюкач - былы палітвязень, які правёў за кратамі 1,5 гады. На момант арышту яму было толькі 18 год. На волю ён выйшаў ужо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Ціхан адразу ж адправіўся ў полк Каліноўскага, каб абараняць Украіну са зброяй у руках.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org беларускі добраахвотнік распавёў пра лукашэнкаўскую турму, пра тое, якім ён бачыць вызваленне Беларусі і як скончыць Лукашэнка:

- Я нарадзіўся ў расейскамоўнай сям'і. Цікавасць да мовы і нацыянальнай культуры прыйшла праз захапленне гісторыяй. У 12-13 пачаў цікавіцца нашай гісторыяй, чытаць пра вялікія бітвы часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пра паўстанні Касцюшкі і Каліноўскага. Далей цікавасць паглыблялася, так прыйшоў да беларускасці, і ўвогуле да ідэй нацыяналізму, традыцыяналізму. У 17 гадоў у мяне зʼявіўся больш-менш сфармаваны светапогляд.

А 18 гадоў мне споўнілася акурат у 2020. Я бачыў жахлівую прорву паміж гістарычным шляхам нашай нацыі і тым, чым было лукашысцка-калгаснае «сёння». Гэта было не той рэальнасцю, якую заслугоўвалі беларусы, а я за свой абавязак уважаў змаганне з прарасейскім антынародным рэжымам усялякімі спосабамі. Вось і дзейнічаў як мог, усюды і адразу, і ў мірных акцыях, і не зусім. Калі б 9 жніўня не паспеў скінуць заплечнік з кактэйлямі Молатава, калі мяне «бралі» амапаўцы, то сядзеў бы дагэтуль. Рознае тады было.

– Вы прайшлі лукашэнкаўскую турму. Многія пасля такіх выпрабаванняў спыняюць актыўную дзейнасць, а вы далей змагаецеся. Што дапамагло прайсці турму і застацца шчырым змагаром і патрыётам?

- Лукашэнкаўская турма, а асабліва – зона, калонія, – гэта ўвасабленне сталінска ГУЛАГА, без перабольшанняў. А мне там было нават «весялей», чым большасці палітвязняў на той час, бо ў Жодзінскім СІЗА і на Валадарцы я спрабаваў працягваць нешта рабіць, праводзіць, скажам так, ідэалагічную працу, звязвацца праз «малявы» з іншымі палітвязнямі з суседніх камер. Пазней, ужо на зоне, адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Тады добра так пакатаўся па карцэрах, агулам – 55 дзён.

Мае перакананні гэтая сістэма не змяніла, толькі да перакананняў дадалася яшчэ большая нянавісць да лукашэнкаўскага рэжыму і яго аўчарак, прага помсты. Таму і працягваю дзейнічаць. І буду працягваць далей.

– Дзе складаней: у турме ці на вайне?

- Складаней у турме. Там ты ва ўладзе ворагаў, ты з імі нічога там не зробіш, а яны з табой могуць зрабіць што хочаш. На вайне – у тваіх руках зброя, а твой вораг – твая мішэнь. А цяжкасць вайны – паняцце адноснае. Адчуваючы сябе на сваім месцы і годна выконваючы сваю працу, я атрымліваю найвялікшае задавальненне. Не ведаю, ці так гэта ў іншых, але я не адчуваю ад сваёй сённяшняй дзейнасці нейкай маральнай стомленасці. Фізічная – так, бывае. Пасля вяртання з выкананых задач.

Ці бывае тут страшна? Так, бывае. Калі прылятае, скажам, за метраў двадццаць ад цябе, а аскепкі зразаюць галінкі з дрэў, а ты чуеш, як гэтыя галінкі абсыпаюцца. Не самае прыемнае адчуванне. Або калі чуеш свіст куль над сабой. Але не так страшна, каб страціць сябе ці не выконваць загады камандзіра. Пасля таго, як было страшна, – становіцца весела.

– Чаму вы надумалі паехаць ва Украіну і бараніць яе са зброяй у руках?

- Добраахвотніцкі рух ва Украіне ніколі не быў для мяне чымсьці чужым або вельмі далёкім. Усё ж трэба памятаць, што вайна пачалася не ў 2022-м, а ў 2014-м. Так званыя дабрабаты – тады яшчэ батальён «Азоў», батальён «Данбас», «Правы Сектар», іншыя падраздзяленні, – гэта ўсё былі абʼяднанні смелых людзей, чые погляды былі мне ўжо тады блізкія. Людзей, якія на сваё жаданне пайшлі ваяваць за сваю зямлю і свае ідэалы супраць адвечнага ўсходняга ворага. Нашага агульнага ворага. Я захапляўся імі. І ўжо тады сярод іх былі нашыя, беларусы.

Вызваліўся я пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, і шляхоў у мяне было два: ці супраціў і «партызанцы» ў Беларусі, ці – вайна ва Украіне. Першы варыянт адпаў. Ваюючы ва Украіне, я ваюю і за акупаваную Расеяй Беларусь і яе вызваленне, і за будучыню ўсёй Еўропы.

– Была інфармацыя, што вы ваюеце ў складзе БПЛА-групы.

- Я не ваюю ў складзе групы БПЛА, і ніколі не ваяваў, праўда, калісьці вучыўся, праходзіў курсы менавіта на аператара дронаў. Але гэта было больш за два гады таму.

Лішніх спецыяльнасцяў тут не бывае, чым больш шматпрофільны баец – тым лепш. Ваяваў я ў пяхотным падраздзяленні, даводзілася працаваць і з буйнакаліберным станкавым гранатамётам, не так даўно з шэрагу прычын перайшоў у мінамётны разлік, асвойваю новую спецыяльнасць.

Але пяхота для мяне сапраўды – «one love», упэўнены, што калісьці вярнуся менавіта да гэтай працы. Больш рызыкі, але і больш «руху», больш магчымасцяў праявіць сябе, чым у іншых варыянтах.

Хоць, калі зыходзіць толькі з ліку «двухсотых» і «трохсотых» у ворага ў выніку тваёй працы, то быць у «мінамётцы» значна больш эфектыўна.

– Хто вас натхняе сёння? Якія асобы?

- У першую чаргу мяне натхняюць фігуры герояў нашага мінулага, тых, чыя справа мы працягваем цяпер. Гэта і князі і ваяры часоў ВКЛ, і паўстанцы 1863 года, і змагары Слуцкага збройнага чыну, і атрада бацькі Балаховіча, і байцы беларускага антысавецкага супраціву. На сваім броніку нашу патч з выявай Міхала Вітушкі – легендарнага камандзіра беларускіх «лясных братоў», антысавецкіх партызан.

– Да чаго, на вашую думку, трэба сёння рыхтавацца беларусам?

- Выказваю сваё асабістае меркаванне: рыхтавацца трэба да маштабных падзей і рашучых дзеянняў. Мяркую, мірны шлях ужо ўсім, нават самым пацыфісцка настроеным, прадэманстраваў сваю поўную бесперспектыўнасць і бессэнсоўнасць. Ад фактычнай акупацыі Расеі і падуладнага ёй рэжыму шклоўскага вылюдка нашу краіну вызваліць толькі зброя. Калі гэта будзе – іншае пытанне. Не выключаю магчымасці, што даволі хутка. Але тым, хто абраў шлях барацьбы, магу параіць рыхтавацца да гульні ў доўгую, каб не расчаравацца ў справе, калі раптам наша перамога не адбудзецца ні праз паўгода, ні праз год.

– Якім вы бачыце наступныя падзеі: канец Лукашэнкі, вызваленне краіны, свабодную Беларусь?

- Ведаю, што пасля знішчэння Лукашэнкі і ягоных памагатых нас чакае вялікая і цяжкая праца. І гэта павінны разумець усё. Занадта шмат мы прабылі пад акупацыяй імперыі. Нам давядзецца з каранямі выдзіраць рэшткі камуністычнага і вялікарускага зла. І ў правільным ключы выхоўваць новыя пакаленні, за якімі будучыня. І часу ў нас асабліва не будзе. Расея (а ўсе нашы беды ад яе) – гэта не толькі нелюдзі ў камуфляжах з аўтаматамі наперавес, гэта яшчэ і ментальныя зʼявы. Таму Новая Беларусь не ўпадзе на нас з неба.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках