27 лiпеня 2024, Субота, 3:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея запатрабавала ад лукашыста Шаўцова ўзгадняць паездкі на акупаваны Данбас

2
Расея запатрабавала ад лукашыста Шаўцова ўзгадняць паездкі на акупаваны Данбас

Расейскі Чырвоны Крыж занепакоіўся праз скандал.

Журналісты «Радыё Свабода» атрымалі ад «Кіберпартызан» звесткі з пошты Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК). Там быў ліст, які Расейскі Чырвоны Крыж накіраваў кіраўніку БТЧК Дзмітрыю Шаўцову пасля ягонага візіту на Данбас летам 2023 года, з патрабаваннем узгадняць такія паездкі.

Ліст датаваны 24 ліпеня 2023 года - акурат незадоўга да гэтага генеральны сакратар БТЧК Дзмітрый Шаўцоў з'ездзіў на акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласці, дзе надзеў камуфляж з літарай Z на рукаве.

У лісце кіраўнік Расейскага Чырвонага Крыжа Павел Саўчук выказвае ўстурбаванасць "згадваннямі ў СМІ, у тым ліку ў негатыўным ключы, аб візіце кіраўніцтва БКК на тэрыторыю Данбаса".

“Улічваючы шырокі грамадскі рэзананс, хацеў бы пацвердзіць неабходнасць своечасовага ўзгаднення падобных візітаў з РКК. Згодна з заканадаўствам Расейскай Федэрацыі, тэрыторыі Данбаса, Херсонскай і Запарожскай абласцей з'яўляюцца часткай Расеі. Грунтуючыся на прынцыпе адзінства, БКК, як і іншым нацыянальным таварыствам, пры планаванні гуманітарных місій на расейскіх тэрыторыях варта атрымаць на гэта згоду ў РКК”, - гаворыцца ў лісце.

У выпадку магчымых захадаў у дачыненні да Беларускага Чырвонага Крыжа на міжнародным узроўні Павел Саўчук прапанаваў "экспэртную і кансультатыўную дапамогу".

У Раскйскім Чырвоным Крыжы не пацвердзілі і не зняпраўдзілі інфармацыю аб лісце Саўчука Шаўцову.

“Гэта ўнутраная перапіска. <…> Дзіўна, што які-небудзь ліст можа патрапіць у публічную прастору. Значыць, у вас усё ёсць пра гэты ліст”, - пракаментавала дырэктар дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Анастасія Тэнета.

У прэс-службе РКК паведамілі, што апошні раз размаўлялі з беларускімі калегамі летам мінулага года - "з нагоды трэнінгу ў надзвычайных сітуацыях".

На афіцыйны запыт “Радыё Свабода” ў Расейскі Чырвоны Крыж адказу пакуль не было.

Як разгортваўся скандал вакол Шаўцова

У ліпені 2023 года генеральны сакратар БКК Дзмітрый Шаўцоў наведаў Данбас і трапіў на камеру ў форме з нашыўкай Z - расейскай ваеннай сімволікай. Між тым статут Чырвонага Крыжа забараняе аддаваць перавагу нейкаму боку ў ваенных дзеяннях.

У другі свой візіт на Данбас Шаўцоў (ужо ў футболцы і кепцы з лагатыпамі Чырвонага Крыжа) раздаваў гуманітарную дапамогу і пацвердзіў на камеру прапагандысткі "Беларусь 1", што Беларускі Чырвоны Крыж прымае "актыўны ўдзел" у вывазе ўкраінскіх дзяцей у нашу краіну - нібыта на аздараўленне.

Гэтай справай зацікавілася Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Там асудзілі паездку Шаўцова ў акупаваныя ўкраінскія рэгіёны, а таксама рэкамендавалі Дзмітрыю Шаўцову адысці ад спраў і папрасілі зрабіць гэта да 3 кастрычніка 2023 года.

Але ў пачатку верасня таго ж года ў Менску адбылося пазачарговае пасяджэнне XXVI з'езду Беларускага Чырвонага Крыжа, на якім Шаўцоў быў аднагалосна пераабраны на пасаду генеральнага сакратара, нягледзячы на рэкамендацыі Міжнароднай федэрацыі. У выніку сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца было прыпыненае з 1 снежня.

23 лютага 2024 года Дзмітрый Шаўцоў разам з іншымі асобамі і арганізацыямі з Беларусі трапіў у 13-ты пакет санкцый ЕЗ.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках