25 красавiка 2024, Чацвер, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арменія мерыцца выгнаць расейскіх пагранічнікаў з аэрапорта Ерэвана

14
Арменія мерыцца выгнаць расейскіх пагранічнікаў з аэрапорта Ерэвана

Расейцы знаходзяцца ў сталіцы Арменіі з 1992 года.

Улады Арменіі разглядаюць магчымасць вываду расейскіх памежнікаў з міжнароднага аэрапорта Ерэвана, дзе яны знаходзяцца ў адпаведнасці з дамовай 1992 года.

Прысутнасць супрацоўнікаў ФСБ у аэрапорце “Звартноц” выклікае занепакоенасць, заявіў у пятніцу сакратар парламенцкай фракцыі кіроўнай партыі “Грамадзянская дамова” Артур Аванісян. “Гэтае пытанне стаіць на парадку дня нашай палітычнай каманды. Ідуць дыскусіі. Калі будзе пастанова – мы ўсё пра гэта даведаемся”, – цытуе Аванісяна News.am.

На пытанне аб тым, чаму кіроўную партыю рэспублікі гэтая сітуацыя ўсхвалявала толькі цяпер, ён адказаў, што "многія рэаліі" ўзніклі толькі ў апошнія некалькі гадоў. "Таму кожная рэальнасць павінна пацягнуць за сабой пэўныя меркаванні, дзеянні і пастановы", - дадаў ён.

Спікер парламента Арменіі Ален Сіманян адзначаў, што расейскія памежнікі павінны пакінуць аэрапорт, бо Арменія сама можа сябе абараніць. Паводле ягоных слоў, з-за дзеянняў расейскіх супрацоўнікаў, межы Арменіі станавіліся "больш уразлівымі".

23 лютага, прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заяўляў, што сяброўства Арменіі ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) на гэты момант практычна замарожанае. “Вы ведаеце, што дамова аб калектыўнай бяспецы фактычна не працуе ў дачыненні да Арменіі, што паказалі падзеі 2021–2022 гадоў. Гэта не магло прайсці для нас незаўважаным. Сёння, практычна, мы замарозілі наш удзел у АДКБ”, - казаў Пашынян у інтэрв'ю тэлеканалу France 24.

Пашынян тлумачыў, што Ерэван не мае пастаяннага прадстаўніка ў АДКБ і не ўдзельнічае ў мерапрыемствах ужо даволі працяглы час. Прэм'ер-міністр таксама папярэдзіў, што сяброўства Арменіі ў АДКБ можа быць замарожана дэ-юрэ, калі праблемы ў пытанні яе дзейнасці не будуць развязаныя.

Акрамя таго, прэм'ер-міністр падкрэсліў, што АДКБ нясе пагрозу для Ерэвана. «АДКБ замест таго, каб выконваць свае абавязанні перад Арменіяй у сферы бяспекі, наадварот - стварае праблемы бяспецы. І гэтая пазіцыя, кажу шчыра, з'яўляецца пагрозай нацыянальнай бяспецы Арменіі”, - адзначаў Пашынян.

Прэм'ер-міністр Арменіі неаднаразова крытыкаваў АДКБ за няздольнасць абараніць рэспубліку ад агрэсіі Азербайджана на фоне вайны ў Карабаху, якая скончылася ў верасні 2023 года пераходам Нагорнага Карабаха пад кантроль Баку. У выніку больш за 100 тысяч армянскага насельніцтва рэгіёна былі вымушаныя яго пакінуць. Непрызнаная Нагорна-Карабахская рэспубліка (НКР), якая існавала з 1991 года, самараспусцілася з 1 студзеня 2024 года.

У канцы 2022 года Пашынян адмовіўся падпісваць супольную дэкларацыю Рады калектыўнай бяспекі АДКБ з-за адсутнасці палітычнай ацэнкі "агрэсіі Азербайджана" супраць суверэнітэту Арменіі. Пазней Пашынян казаў, што Арменія можа выйсці з АДКБ, паколькі, на думку Ерэвана, арганізацыя не рэагуе на просьбы даслаць маніторынгавую місію ў рэспубліку і "сыходзіць з Арменіі". Пасля гэтага ён удакладніў, што Ерэван "не рыхтуе глебу" для выхаду з АДКБ, але дае сабе і блоку час для разважанняў над далейшымі крокамі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках