Украінскі фільм «20 дзён у Марыюпалі» атрымаў прэмію «Оскар»
2- 11.03.2024, 8:21
- 9,582

Гэта першы ўкраінскі фільм, які атрымаў “Оскар”.
Дакументальны фільм “20 дзён у Марыюпалі” ўкраінскага рэжысёра Мсціслава Чарнова аб злачынствах расейскіх акупантаў у Марыюпалі Данецкай вобласці перамог у намінацыі "Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм" прэміі "Оскар" Амерыканскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук.
Гэта першы ўкраінскі фільм, які атрымаў "Оскар".
На сцэну з Чарновым узняліся фотакарэспандэнт Яўген Малалетка і прадусар Васіліса Сцепаненка, якія разам з рэжысёрам працавалі ў акружаным акупантамі Марыюпалі ў 2022 годзе. Разам з Чарновым узнагароды атрымалі амерыканскія кінапрадусары Мішэль Мізнер і Рэні Аронсан-Рат.
“Я б хацеў, каб мне ніколі не давялося ствараць гэты фільм. Я б хацеў мець магчымасць абмяняць яго на тое, каб Расея ніколі не нападала на Украіну, ніколі не акупавала нашы гарады, ніколі не забівала дзясяткі тысяч маіх суайчыннікаў-украінцаў... Я хачу, каб яна вызваліла ўсіх закладнікаў, усіх салдат, якія абараняюць сваю зямлю, усіх мірных жыхароў, якія знаходзяцца ў турмах…” - сказаў Чарноў на цырымоніі ўзнагароджання.
96-я цырымонія ўручэння прэміі "Оскар" адбылася ўночы 11 сакавіка ў Лос-Анджэлесе.