У Менску гарэў электрамабіль Nissan Leaf
12- 16.03.2024, 19:43
- 9,610
Тушыць яго давялося незвычайным спосабам.
Сёння ўдзень каля дома нумар 10 на вуліцы Сувязістаў у Менску загарэўся электрамабіль Nissan Leaf, паведамілі ў МНС. Узгаранне ліквідавалі, аднак у такіх выпадках ратавальнікі сутыкаюцца з некаторымі асаблівасцямі.
Аб узгаранні аўто ратавальнікам паведамілі 16 сакавіка а 12.20. Высветлілася, што гарэў электрамабіль Nissan Leaf 2013 года выпуску. Для ліквідацыі пажару ратавальнікі стабілізавалі і ўзнялі транспарт пры дапамозе аварыйна-выратавальнай прылады.
Пажар загасілі амаль праз гадзіну пасля паведамлення аб ім - а 13.12. У выніку быў пашкоджаны салон аўтамабіля, маторны адсек, лакафарбавае пакрыццё, электратэхнічнае абсталяванне, пластыкавыя элементы кузава. Прычына здарэння высвятляецца.
У МНС паведамляюць, што як правіла ўзгаранне электрамабіляў адбываецца ўнутры батарэйнага блока, а доступ туды абцяжараны (таму Nissan і прыйшлося прыўздымаць).
Тушэнне такіх транспартных сродкаў ускладняецца з-за таго, што актыўна гарыць акумулятар, пры гэтым выдзяляюцца таксічныя рэчывы. Для ліквідацыі загарання і наступнага працяглага астуджэння акумулятара трэба вялікая колькасць вады.
Акумулятары могуць самазагарацца і выбухаць нават праз некалькі гадзін пасля ліквідацыі загарання. Таму пасля ліквідацыі пажару для прадухілення "рэцыдыву" неабходна кожныя 15 хвілін кантраляваць тэмпературу батарэі з дапамогай цеплавізара і ў выпадку яе павышэння працягваць астуджаць яе.