Лукашэнка вызначыў статус беларускіх касманаўтаў
15- 19.03.2024, 21:06
- 11,392
За выгоды давядзецца плаціць лаяльнасцю.
Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка падпісаў указ аб статусе беларускага касманаўта, паведаміла прэс-служба дыктатара. Гэты дакумент замацоўвае правы і абавязкі касманаўта Рэспублікі Беларусь, які павінен вось-вось з'явіцца ў краіне пасля хутка запланаванага палёту ў космас Марыны Васілеўскай.
Паведамляецца, што ўказ прынялі для вызначэння прававога становішча беларускіх касманаўтаў і прыраўнаваных да іх асобаў, беручы да ўвагі рэалізацыю першага ў гісторыі суверэннай Беларусі праекту касмічнага палёту.
Марына Васілеўская збіраецца стартаваць на Міжнародную касмічную станцыю з касмадрома Байканур 21 сакавіка.
У дакуменце адзначаецца, што статус касманаўта надаецца грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які здзейсніў касмічны палёт, а таксама ягонаму дублёру. Гэта значыць, касманаўтам у Беларусі можна стаць нават не пабываўшы ў космасе.
Для асобаў са статусам беларускага касманаўта прадугледжваецца шэраг ільготаў і прэферэнцый, у тым ліку захаванне займанай пасады, медабслугоўванне ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры, пенсійнае забеспячэнне, дзяржпадтрымка пры будаўніцтве жылля.
Асобна ва ўказе зазначаецца, што касманаўт павінен «адпавядаць свайму высокаму званню», мець «цвёрдую грамадзянскую пазіцыю», актыўна ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, а таксама годна прэзентаваць Беларусь на міжнароднай арэне.
У сучасным кантэксце гэта відавочна азначае абавязак стаяць на праўладных пазіцыях і актыўна ўдзельнічаць у прапагандысцкіх мерапрыемствах.