Стала вядома, дзе пахаваюць беларуску, якая памерла пасля згвалтавання ў Варшаве
- 2.03.2024, 12:16
- 12,438

Многія хацелі б развітацца з дзяўчынай.
Беларуску Лізу, якая памерла ў шпіталі пасля нападу і згвалтавання ў Варшаве, пахаваюць у польскай сталіцы. Пра гэта паведаміла паэтка і журналістка Валярына Кустава, якая ў апошнія дні была на сувязі з яе блізкімі.
Дакладнае месца і дата пахавання пры гэтым пакуль невядомыя. Але Кустава паабяцала, што гэта не будзе хавацца, бо "многія хацелі б развітацца з дзяўчынай".
«Ідуць перамовы, каб цела аддалі родным для пахавання. Цяпер сваяк Лізы спрабуе прыехаць з Беларусі», - напісала Кустава.
Раней СМІ пісалі, што сабраныя грошы на лячэнне беларускі - гэта больш за 540 тысяч злотых (або 436 тысяч рублёў) - могуць быць выкарыстаныя для аплаты рахунку з лякарні, дзе знаходзілася Ліза (у яе не было медстрахоўкі).
Кустава ўдакладніла, што сродкі ўсё ж будуць вернутыя адпраўнікам. Аднак калі нехта з іх хоча дапамагчы з арганізацыяй пахавання, грошы ўсё яшчэ можна будзе ахвяраваць блізкім беларускі.