ГУВ: У Лукашэнкі ўзнік канфлікт з расейцамі праз РСЗА «Град»
10- 2.03.2024, 21:36
- 22,936
Кошт вырабу дэталяў не змаглі ўзгадніць.
Прадпрыемствы Беларусі і Расеі не змаглі ўзгадніць паміж сабой цану вырабу дэталяў да РСЗА "Град". Спрэчка ўзнікла падчас сустрэчы прадстаўнікоў кампаній, і пасля напружаных перамоў пастанавілі, што вытворчасцю зоймуцца субпадрадчыкі без адпаведных ліцэнзій, што азначае зніжэнне якасці прадукцыі.
Пра гэта 2 сакавіка паведамілі ў Галоўнай управе разведкі Міністэрства абароны Украіны.
“Прадпрыемствы дзяржавы-агрэсара Расеі і яго сатэліта, рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі не прыйшлі да згоды наконт кошту дэталяў і вузлоў да ракетных сістэм залпавага агню “Град”, - гаворыцца ў паведамленні.
У ГУВ расказалі, што згодна з кантрактам беларускі падрадчык ААТ "Волатаўта" павінен паставіць 250 адзінак неабходнай для вытворчасці і рамонту РСЗА "Град" прадукцыі расейскаму заказчыку ЗАТ "Спецыяльнае канструктарскае бюро".
Гаворка ідзе аб рамах, асновах, накіроўвальных трубах, люльках і іншых элементах баявых машын.
Спрэчка ўзнікла падчас сустрэчы, калі дэлегацыя "Волатаўта" прадставіла паперы з разлікамі - кошт асобных тыпаў беларускай прадукцыі перавышаў чаканы расейцамі на 500-600%.
Пасля напружаных перамоў лукашысты правялі дадатковую калькуляцыю і знайшлі “выхад” - вырабляць складнікі будуць субпадрадчыкі, якія не маюць адпаведных ліцэнзій.
“Гэта будзе азначаць зніжэнне якасці прадукцыі, а значыць - падвышаныя рызыкі выкарыстання сабраных з такіх дэталяў і вузлоў РСЗА “Град”, - заявілі ў ГУВ.
Ва ўкраінскай ваеннай выведцы дадалі, што абодва прадпрыемствы знаходзяцца пад дзеяннем міжнародных санкцый.