У Адэсе пад заваламі знайшлі цела яшчэ аднаго немаўляці
9- 3.03.2024, 10:56
- 4,926
Забітаму РФ дзіцяці не было і годзіка.
У выніку дронавага ўдару, які расейскае войска нанесла па Адэсе ў ноч на 2 сакавіка, колькасць ахвяр узрасла да дзявяці. Паводле звестак рэгіянальнага глаўка ДСНС, зараз знойдзены яшчэ адзін загінулы чалавек.
«Усю ноч працягваліся пошукавыя працы. А 9 раніцы з-пад завалаў выцягнутыя 8 загінулых людзей, з якіх 2 - дзяцей. Працягваюцца работы для вымання з-пад завалаў яшчэ аднаго чалавека. Праца працягваецца!» - гаворыцца ў паведамленні.
Як удакладніў кіраўнік Адэскай АДА Алег Кіпер, дзевятая ахвяра - жанчына.
Пазней ён дадаў, што побач з целам жанчыны знойдзенае загінулае дзіця.
«Толькі што знойдзенае цела яшчэ аднаго загінулага немаўляці. Папярэдне, дзіцяці няма і годзіка... Ратавальнікі працягваюць разбіраць завал», - распавёў чыноўнік.
У мэрыі горада таксама паведамілі, што зараз у шпіталі застаюцца трое пацярпелых.
«Лекары здолелі стабілізаваць іх стан», - удакладнілі ў гарадской радзе.
Пацярпелая цяжарная жанчына зараз лечыцца амбулаторна, пад наглядам лекараў.
У ноч на 2 сакавіка расейскае войска нанесла па Адэсе ўдар, задзейнічаўшы 8 ударных беспілотнікаў, якія былі запушчаныя з акваторыі Чорнага мора. Сем цэляў былі знішчаныя, але адзін з беспілотнікаў падчас манеўраў сярод жылых кварталаў спальнага раёна Адэсы трапіў у 9-павярховы дом. Адзін пад'езд амаль цалкам разбураны.
На вечар 2 сакавіка, было вядома аб 8 загінулых. Гэта трое мужчын 35, 40 і 54 гадоў, дзве жанчыны - 73 і 31 гадоў, двое дзяцей - 3-гадовы Марк і 4-месячны Цімафей, а таксама паджылая жанчына. Удакладнялася, што маці і немаўля, якія загінулі праз удар, - сям'я святара.
Пацярпелых было 9 чалавек, сярод якіх - дзіця, цяжарная жанчына.