У польскім Каніне адбыўся буйны пажар на мэблевай фабрыцы
- 3.03.2024, 18:39
- 3,238
Агонь ахапіў чатыры вытворчыя цэхі агульнай плошчай 4500 кв. м.
Раніцай на заводзе ў вытворчасці акрылавых фасадаў у польскім Каніне адбыўся пажар. Загарэліся чатыры цэхі, кожны плошчай блізу 1000 кв. м.
Будынкі знаходзіліся побач адзін з адным, таму агонь лёгка распаўсюдзіўся. Мала таго, побач з заводам знаходзяцца прыватныя дамы, з найбліжэйшага з якіх давялося эвакуяваць людзей, паведамляе RMF FM.
– На першым этапе аперацыі мы засяродзіліся на тым, каб не дапусціць распаўсюджвання агню на жылы дом. Таксама неабходна было абараніць будынкі, складскія памяшканні, якія размешчаныя вакол завода, – расказаў у інтэрв'ю RMF FM прэс-аташэ Акруговага штаба Дзяржаўнай пажарнай службы ў Лембарку капітан-лейтэнант Марцін Эльварт.
Паводле словаў пажарнага, у аперацыі тушэння пажару – на піку – былі задзейнічаныя 33 пажарныя брыгады, гэта значыць 140 пажарных. На месцы здарэння знаходзіцца цяжкая тэхніка для паслядоўнага дэмантажу залаў, зазначыў ён.
Аперацыя ў тушэнні пажару ў Каніне можа прадоўжыцца да 22:00 ці нават даўжэй.
У выніку пажару пацярпеў адзін чалавек, пажарны, які ўдзельнічаў у тушэнні. Мужчына атрымаў атручэнне дымам і быў дастаўлены ў лякарню для абследавання.
На месцы здарэння назіраецца моцнае задымленне. Службы прадаўжаюць заклікаць жыхароў не адчыняць вокны ў мэтах бяспекі і пры магчымасці заставацца ў памяшканні.
Цяпер пажар узяты пад кантроль, вядзецца ліквідацыя наступстваў.