У Варшаве пройдзе марш у памяць пра забітую беларуску
- 4.03.2024, 11:22
- 5,142

Акцыя павінна пачацца а 18 гадзіне 6 сакавіка на месцы злачынства.
Марш у памяць пра 25-гадовую Лізу, якую згвалтавалі і забілі ў Варшаве, плануецца правесці 6 сакавіка. Арганізатары заклікаюць прыйсці на яго і мужчын.
Акцыя павінна пачацца а 18:00 6 сакавіка на месцы злачынства - ul. Żurawia 47 у Варшаве.
«Яе клікалі Ліза, ёй было 25 гадоў, у яе былі карыя вочы і талент да стварэння капелюшоў. Яна прыехала жыць у Польшчу праз небяспеку ў Беларусі. Мы ўжо не даведаемся, пра што яна марыла і што планавала - уначы, у цэнтры Варшавы, у элітным раёне, яе жорстка згвалтавалі і забілі. Ніхто не адрэагаваў, ніхто не патэлефанаваў у службу 112.
Мы павінны адрэагаваць зараз. Мы вінныя ёй. Мы выходзім на вуліцы ў яе гонар і ў памяць аб усіх жанчынах, якія зазналі сэксуалізаваны гвалт. Мы не жадаем баяцца. Мы не жадаем, каб баяліся нашы дочкі і нашы сяброўкі.
Тое, што здарылася з Лізай, магло адбыцца з кожнай з нас. Яе згвалтаваў і забіў "звычайны" чалавек. Мы выходзім на вуліцы, каб Ліза не была забытая. Каб вуліцы нарэшце сталі бяспечнымі для нас”, - гаворыцца ў заяве арганізатараў.
Арганізатары заклікаюць прыходзіць на акцыю ў чорным адзенні.
“Трагедыя Лізы адбылася ў цішыні. Ёй не дапамаглі, бо яна не крычала. Большасць жанчын падчас згвалтавання не крычаць - у выніку дысацыяцыі, адмаўлення або непрытомнага стану. Маўчанне не азначае згоду. Яно можа быць крыкам аб дапамозе. Марш пройдзе ў цішыні”, - пішуць арганізатары.
25 лютага ў Варшаве на 25-гадовую беларуску Лізавету напаў 23-гадовы Дар'ян С. Ён згвалтаваў яе і задушыў. 1 сакавіка беларуска памерла ў лякарні.
Пахаваюць Лізу ў Варшаве.
Смерць Лізы выклікала ў Польшчы дыскусію на тэму ўвядзення больш жорсткага пакарання для вінаватых у сэксуальных злачынствах. Польскі ўрад плануе перагледзець тое, як у Крымінальным кодэксе краіны вызначаецца згвалтаванне. Цяпер пад ім разумеюць “палавы акт з ужываннем сілы, пагрозы ці падману”, а пасля змена за згвалтаванне будуць разглядаць усе сэксуальныя дзеянні без адкрытай згоды аднаго з бакоў.