У Менску кіроўца трамвая выкрала з торбы пасажыркі грошы
11- 4.03.2024, 14:41
- 8,120
Таму што "знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным становішчы".
Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 49-гадовай жыхаркі Менска, якую абвінавачваюць ва ўчыненні крадзяжу, піша агенцтва "Мінск-Навіны".
Абвінавачаная працуе кіроўцам трамвая. У адзін з дзён пасажыр перадаў ёй кімсьці забытую ў салоне торбу. На канчатковым прыпынку жанчына зняла з сябе куртку, прыкрыла ёй камеру відэаназірання і выкрала з ручной паклажы 100 рублёў. Пасля гэтага яна аднесла забытую рэч дыспетчару.
Мянчанка, якая пакінула ў трамваі торбу, прыехала на дыспетчарскую станцыю. У прысутнасці работнікаў парка яна праверыла змесціва торбы, знайшла знікненне грошай і заявіла ў міліцыю.
Свой учынак кіроўца трамвая растлумачыла тым, што ў той момант знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным становішчы.
Следчыя выставілі ёй абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 205 КК (Крадзеж). Максімальнае пакаранне паводле гэтай часткі артыкула - 3 гады пазбаўлення волі. У дачыненні да яе абрана мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.