27 лiпеня 2024, Субота, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ecolines значна падняў кошты некаторых квіткоў з Менска ў Коўна

2
Ecolines значна падняў кошты некаторых квіткоў з Менска ў Коўна

А што з коштамі ў Вільню?

Перавознік Ecolines падняў у тры з паловай разы кошты некаторых паездак, прынамсі, паміж Менскам і літоўскім Коўнам. Высветліць прычыну не ўдалося: «проста перавознік так пастанавіў».

Цяпер паміж Менскам і Коўнам аўтобусы Ecolines ходзяць тры разы на дзень. У найбліжэйшыя дні квіток на аўтобус Менск-Коўна з выездам а 15:00 каштуе 150 рублёў, але на аўтобусы па тым жа маршруце і тым самым часам у дарозе, толькі з выездам а 00:30 ці 12:30 - 525 рублёў. Такая ж сітуацыя з квіткамі ў адваротны бок.

Аўтобусы Ecolines на Вільню, якя бліжэй да Менска, але на той жа дарозе, не падскочылі: 120-140 рублёў. Аўтобусы Ecolines на больш далёкія гарады пры тым каштуюць менш, чым на Коўна: напрыклад, 190 рублёў на Рыгу, 160–200 на Варшаву, 220 на Талін, 290 на Прагу, 350 на Берлін, 456 на Кёльн, 520 на Амстэрдам…Знайсці квіткі, даражэйшыя за Менск-Коўна, у Ecolines не атрымалася.

У аднаго з перавознікаў-канкурэнтаў квіток з Менска ў Коўна каштуе блізу 142 рублёў, у другога - 140-175 рублёў.

Чаму так, невядома

Праз тэлефон тэхнічнай падтрымкі Ecolines журналісту «Белсата» сказалі, што гэта не памылка. Распавялі, што аўтобусы на Коўна ходзяць самыя звычайныя што за 150, што за 525 рублёў, але чаму такая розніца, не ведаюць: «Проста перавознік так наважыў».

Пад брэндам Ecolines працуюць самыя розныя кампаніі. Брэнд мае латвійскае паходжанне, але ў дзясятку краін ад імя Ecolines працуюць не тыя самыя кампаніі, якія стварылі брэнд. Пры тым паміж сталіцамі Польшчы і Латвіі вазіць можа як латвійская, так і эстонская кампанія.

Так, у Беларусі пад гэтым брэндам возіць (у тым ліку паміж Менскам і Коўнам) ПУП «Аўтобус-тур», а тэхнічную падтрымку надае асобнае ад гэтай кампаніі ТАА «Квіток-онлайн». Знайсці кантакты ПУП «Аўтобус-тур» не ўдалося.

Разам з тым, расейская кампанія «Экалайнс Рус», якая цяпер не згадваецца на сайце Ecolines, прапануе паехаць з Менска ў Коўна за 226,4 рубля або за цэлых 755 рублёў і 3 капейкі.

Латвійскае прадстаўніцтва Ecolines не адказала на званкі, у літоўскім прадстаўніцтве «Белсату» параілі звяртацца на электронную пошту.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках