У Полацку «Жанчыну года - 2021» асудзілі за кумаўство і рэкет
13- 5.03.2024, 11:28
- 8,320

Ёй забаранілі займаць кіроўныя пасады цягам пяці гадоў.
Месяц таму пачалі судзіць дырэктарку Полацкага дзяржаўнага прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Ірыну Кісялёву. Сталі вядомыя прысуд і змест абвінавачання, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
Яе абвінавачвалі ў тым, што яна фіктыўна працаўладкавала ў студзені 2019 года свайго сужыцеля на пасаду з высокім заробкам. У выніку за 2,5 гады на яго ліпавай працы зарабіла 28 495 руб.
Наладзіла яна і рэкет у дачыненні да сваіх падначаленых: з сакавіка 2019-га да кастрычніка 2022-га яна патрабавала ў работнікаў аддаваць частку іх заробку. Так яна "абрабавала" падначаленых на 6 470 рублёў.
Паводле двух артыкулаў (перавышэнне ўлады і злоўжыванне ёю) яна атрымала тэрмін 3 гады з забаронай на кіроўныя пасады на 5 гадоў. Дадзеная адтэрміноўка на 2 гады.
Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.
Іронія сітуацыі, што ў гэты самы перыяд, калі яна чыніла злачынствы, яе зрабілі «Жанчынай года - 2021» у намінацыі «Паспяховы кіраўнік».
Акрамя гэтага, у жанчыны яшчэ годнасці «Чалавек года Полаччыны» і «Чалавек года Віцебшчыны».