Польскі Newsweek назваў Анджэя Пачобута «Фігурай 10-годдзя»
- 5.03.2024, 12:16
- 3,146
“Чалавек мацнейшы за сталь”.
Польская рэдакцыя амерыканскага выдання Newsweek узнагародзіла беларускага палітвязня, журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута прэміяй імя Тэрэзы Таранскай у катэгорыі "Фігура дзесяцігоддзя".
“Выдатны журналіст, калега, чалавек мацнейшы за сталь”, - казаў пра яго журналіст Яцэк Паўліцкі. Ён зазначыў, што Пачобут не змог атрымаць узнагароду, бо знаходзіцца ў турме.
- Але ён выжыве. Вось убачыце! Ён яшчэ напіша тэкст пра падзенне Лукашэнкі”, - адзначыў Паўліцкі. Ягоныя словы падае «Радыё Свабода».
Анджэя Пачобута затрымалі вясной 2021 года і абвінавацілі паводле двух артыкулаў КК: у “закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” і “распальванні варожасці”. У лютым 2023 года журналіста асудзілі на 8 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Са жніўня Пачобута на 6 месяцаў адправілі ў ПКТ. А на пачатку лютага стала вядома, што яго накіравалі ў штрафны ізалятар. На той момант ён ужо 8 месяцаў не атрымліваў перадач.