Гадзіннік беларускага брэнда Hvilina атрымаў прэстыжную прэмію ў галіне дызайну прадуктаў
14- 5.03.2024, 14:39
- 9,062
У журы ўвайшлі 132 незалежныя экспэрты ў галіне дызайну.
Беларуская гадзіннікавая мануфактура Hvilina атрымала ўзнагароду міжнароднай прэміі IF Design Awards 2024. Прэмія ўручаецца найстарэйшым у свеце незалежным інстытутам дызайну iF International Forum Design GmbH (Гановер, Нямеччына) і лічыцца адной з найважнейшых дызайнерскіх прэмій у галіне, піша «Зеркало».
У гэтым годзе калекцыя наручных гадзіннікаў Universum Mechanical, натхнёная рамантызмам касмічных падарожжаў і прагрэсам у засваенні чалавекам космасу, ганаравалася прэміі ў катэгорыі Product — Watches/Jewelry. У намінацыі ўдзельнічалі вядучыя сусветныя брэнды: Apple, Seiko, Casio і іншыя.
У журы IF Design Awards увайшлі 132 незалежныя экспэрты ў галіне дызайну, якім трэба было ацаніць блізу 11 000 работ з 72 краін. Крытэрыі для ацэнкі ўключалі ідэю, форму, функцыянальнасць, інавацыі і карысць грамадству.
Калекцыя гадзінікаў Universum Mechanical прысвечаная зацятасці і неверагоднай вынаходлівасці чалавека ў пошуках праўды. Дызайн пабудаваны на канцэпцыі зліцця стылізацый дзвюх зорных карт - старажытнай і сучаснай, што падкрэслівае дасягненні чалавека ў разуменні прылады Сусвету. Цыферблаты абсталяваныя двума кольцамі для індыкацыі часу (вонкавым і ўнутраным), а таксама календаром.
Узнагарода нямецкага конкурсу стала ўжо сёмай для беларускага брэнда Hvilina.
IF Design Awards - адна з самых важных дызайнерскіх прэмій у свеце, заснаваная ў 1954 годзе Міжнародным дызайнерскім форумам у Гановеры. Прэмія штогод збірае дзясяткі тысяч заявак і ўзнагароджвае работы з абласцей прамысловага і камунікацыйнага дызайну, дызайну ўпакоўкі, інтэр'ера і архітэктуры.