22 красавiка 2024, панядзелак, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Філон Кміта: беларускі шляхціц, які праславіўся хітрасцю Адысея і талентам Вергілія

14
Філон Кміта: беларускі шляхціц, які праславіўся хітрасцю Адысея і талентам Вергілія

Прадстаўнік нашага славутага роду не толькі перамагаў хітрасцю Івана Жахлівага, але і пакінуў літаратурны помнік эпосе.

Філон Кміта-Чарнобыльскі - сын ліцвінскага шляхціца Сямёна Кміты, аселага ў Кіеўскім ваяводстве. Нарадзіўся прыблізна ў 1530 годзе, паводле адных звестак - у Воршы, паводле іншых - у Вінніцы. Сваю вайсковую кар'еру пачаў у 1552-м годзе, калі быў прызначаны камендантам невялікага памежнага замка Остэр каля Кіева. У яго задачу ўваходзіла ахоўваць паўднёва-ўсходнюю мяжу ад набегаў маскавітаў і татараў, піша vklby.com.

Упершыню свае ваенныя здольнасці выявіў падчас Лівонскай вайны ў 1562-м годзе, калі з конным атрадам у тры сотні разграміў дзвюхтысячны маскоўскі атрад, які ішоў на Остэр. Затым, узначаліўшы атрад колькасцю 1400 чалавек, абклаў і захапіў Чарнігаў, у той час памежны горад Маскоўскага княства. Затым распляжыў утрая большы атрад маскоўскага князя Рыгора Мяшчэрскага, зрабіўшы імклівы конны рэйд на маскоўскую тэрыторыю дайшоўшы да Старадуба, а на зваротным шляху разбіў яшчэ адзін маскоўскі атрад на рацэ Сноў.

У студзені 1564 года Філон Кміта-Чарнобыльскі з дзвюхтысячным конным атрадам прыкрываў з паўднёвага захаду асноўныя сілы Мікалая Радзівіла Рудога, які ішоў на Полацак. 26 студзеня 1564 года ў бітве на рацэ Ула паспяхова атакаваў авангард Маскоўскіх войскаў пад камандаваннем Пятра Шуйскага, тым самым паспрыяўшы хуткаму і поўнаму разгрому маскоўскіх войскаў.

Пасля перамогі на Уле Філон Кміта-Чарнобыльскі вельмі пісьменна выкарыстаў сітуацыю, якая ўзнікла ў лагеры маскоўскага князя Пятра Срэбнага-Абаленскага, які пайшоў на аб’яднанне з Шуйскім. Адправілі трох ганцоў з такім разлікам, каб іх заўважылі і абавязкова злавілі. У ганцоў былі лісты ў найбліжэйшыя літоўскія цытадэлі з паведамленнем, што вялікае войска ВКЛ вось-вось падыдзе, а таксама падробленыя спісы забітых і палонных маскоўскіх жаўнераў у нядаўняй бітве на рацэ Ула. Як толькі гэтыя лісты патрапілі ў Маскоўскі лагер, у пяцідзесяцітысячным маскоўскім войску пачалася паніка і жаўнеры пабеглі да Смаленска. Кміта-Чарнобыльскі арганізаваў пагоню за імі. Дзякуючы гэтаму хітраму выкруту быў вызначаны ўвесь ход ваеннай кампаніі 1564-га года, акрамя таго, літвіны захапілі вялікую колькасць абозаў са зброяй, амуніцыяй і правіянтам на шэсць тысяч чалавек.

У студзені 1565-га года Філон Кміта-Чарнобыльскі, на чале коннага атрада колькасцю 1600 чалавек, зладзіў рэйд у Севярскую зямлю, дзе захапіў горад Почап. За свае вайсковыя заслугі ў наступным 1566-м ад Вялікага Князя Літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста ён пажыццёва атрымаў у валоданне Чарнобыль (пасля чаго і з'явілася другая частка прозвішча Чарнобыльскі), а таксама быў прызначаны Аршанскім старастам з абавязкамі ахоўваць аршанскае і смаленскае памежжы.

У 1567-м годзе на чале чатырохтысячнага атрада Кміта-Чарнобыльскі быў адпраўлены ваяваць у смаленскія землі. У баі разбіў частку маскоўскага гарнізона, а затым прайшоў рэйдам да Вязьмы, дзе і атрымаў загад заставацца ў Воршы для аховы мяжы.

У Воршы Філон Кміта-Чарнобыльскі на ўласныя грошы ўтрымліваў гарадскі гарнізон, а таксама арганізаваў шырокую шпіёнскую сетку. Ён атрымліваў інфармацыю не толькі з захопленых Полацка, Смаленска, Невеля, але таксама з самой Масквы і тэрыторыі Маскоўскага княства.

У 1579-м годзе, падчас паходу Стэфана Баторыя на Пскоў, Філон Кміта-Чарнобыльскі прыкрываў войска з боку Смаленска. Ён ажыццявіў шэраг рэйдаў у тыл праціўніка. Быў прызначаны (намінальна, бо Смаленск знаходзіўся пад кантролем Масквы) ваяводам смаленскім, сенатарам Рэчы Паспалітай і намеснікам у горадзе Вялікія Лукі. Да апошніх дзён Лівонскай вайны ён быў непрадказальны для ворага, увесь час трымаў у напружанні. У перыяд 1580-1581 года ім быў арганізаваны рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, у выніку якога быў захоплены горад Холм.

Акрамя вайсковага таленту Філон Кміта-Чарнобыльскі валодаў яшчэ і літаратурным, які выявіўся ў эпісталярным жанры. Ён шмат пісаў розных данясенняў і лістоў сваім калегам, а таксама панам-радзе (вышэйшаму органу дзяржаўнай улады ў ВКЛ), Вялікаму князю Літоўскаму і каралю Рэчы Паспалітай. Свае лісты ён пісаў на старабеларускай мове, і адрозніваліся яны жывым і прыгожым літаратурным тэкстам, часам досыць гумарыстычным. Трэба было валодаць пэўнай доляй смеласці, каб пісаць, напрыклад, каралеўскім асобам у падобным стылі. На сёння захавалася блізу 30 такіх лістоў.

Філон Кміта-Чарнобыльскі быў двойчы жанаты. Першым разам ён ажаніўся на Анастасіі Гарнастай, удаве князя Рыгора Васільевіча Сангушкі, яна памерла прыблізна ў 1563-ім годзе. Другі раз - на Софіі Рыгораўне Хадкевіч, дачцэ вялікага гетмана Літоўскага Рыгора Хадкевіча. Ад другога шлюбу ў яго было чацвёра дзяцей: два сыны і дзве дачкі. Памёр Філон Кміта-Чарнобыльскі ў 1587-м годзе, месца ягонага пахавання не вядомае.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках