«Пацукі нападалі і кусаліся»
2- 10.04.2024, 15:06
- 4,374
Жыхары дома ў Барысаве перамаглі ў судзе ў камунальнікаў
У Барысаве пацукі доўгі час тэрарызавалі жыхароў шматкватэрнага дома - прагрызлі ім падлогу і сцены, разгульвалі па пакоях і нават і кусаліся. Справіцца самастойна з грызунамі ў людзей не атрымалася і яны пайшлі ў суд з позвай да камунальнікаў. Чым скончылася справа?
Як паведамляе прэс-служба Мінскага абласнога суда, жыхары шматкватэрнага дома ў Барысаве ў сваёй позве да УП "Жыллё" ўказалі на неналежнае выкананне жыллёва-камунальных паслуг, а менавіта на дрэннае санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў. З-за гэтага пацукі з'явіліся спачатку ў сутарэнні дома, а далей праніклі ў жыллё, пашкодзіўшы сцены і падлогу. Акрамя таго, яны свабодна перасоўваліся па пакоях, нападалі на жыхароў і кусаліся - людзі былі вымушаныя нават звяртацца па медыцынскую дапамогу.
У пазове пацярпелыя ад нашэсця пацукоў прасілі абавязаць камунальнікаў залатаць дзіркі ў кватэры і спагнаць з арганізацыі УП «Жыллё» грашовую кампенсацыю маральнай шкоды сумай 5 000 рублёў кожнаму.
Суд Барысаўскага раёна ўстанавіў, што УП «Жыллё» і сапраўды, нягледзячы на шматлікія скаргі і звароты жыхароў, своечасова не праводзіў дэзінфекцыю, дэзінсекцыю (знішчэнне насякомых) і дэратызацыю (знішчэнне грызуноў).
Суд стаў на бок жыхароў дома, але суму грашовай кампенсацыі паменшыў - да 1 300 рублёў кожнаму пазоўніку. Акрамя гэтага суд абавязаў залатаць дзіркі і зрабіць нарэшце дэратызацыю.
Пастанова не ўвайшла ў законную сілу, можа быць абскарджаная і апратэставаная ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.