У беларускіх школах уводзяць новы падручнік пра «вельмі важны прадмет»
8- 11.04.2024, 10:43
- 11,606
З верасня.
З наступнага навучальнага года ў беларускіх школах з'явіцца падручнік па асновах бяспекі жыццядзейнасці (АБЖ), паведаміла БелТА начальніца метадычнага цэнтра Акадэміі адукацыі Людміла Раманоўская.
Чыноўніца распавяла, што ў перспектыве збіраюцца выдаць усю лінейку дапаможнікаўА: для другога - пятага класаў уключна. Пакуль распрацавалі падручнік АБЖ толькі для другога класа, ён праходзіць апрабацыю. Для гэтага выбралі 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — па дзве ад кожнага рэгіёна і Менска.
«Гэта даволі збалансаваная выбарка для таго, каб можна было ўлічыць меркаванні розных катэгорый навучэнцаў і настаўнікаў. Мы ўжо, у прынцыпе, на фінішы», - заявіла начальніца метадычнага цэнтра.
Улетку падручнік АБЖ для другога класа будзе растыражаваны, а да новага навучальнага года яго развязуць па школах. У наступным навучальным годзе ў гэтых жа ўстановах адукацыі выпрабуюць выданне для трэцяга класа.
«Гэта вельмі важны прадмет», — падкрэсліла Раманоўская, растлумачыўшы, што на ўроках АБЖ навучаюць «усяму самаму неабходнаму»: ПДР, правілам паводзін у інтэрнэце і ў грамадстве, здароваму ладу жыцця і г.д.